Дата дня
17 верасьня 1949 году нарадзіўся Генадзь Карпенка, палітык, навуковец, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х.
31 сакавіка 1999 году Генадзь Карпенка быў дастаўлены ў 9-ы менскі клінічны шпіталь з дыягназам «крывацёк у мозг». 1 красавіка яму зрабілі апэрацыю па выдаленьні гематомы. Карпенка памёр 6 красавіка.
Сьмерць палітыка была нечаканай, бо да таго ён ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе. Карпенка памёр за месяц да альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзеньня якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам зьмены ў Канстытуцыі, што працягвалі тэрмін ягоных паўнамоцтваў на два гады.
Празь месяц пасьля сьмерці Карпенкі бясьсьледна зьнік адзін зь яго найбліжэйшых паплечнікаў — Юры Захаранка, яшчэ праз паўгоду другі — Віктар Ганчар. Некаторыя людзі, у тым ліку сваякі Карпенкі, зьвязвалі гэтыя падзеі ў адзін ланцуг.
Гэты дзень у гісторыі
1590 — вялікі князь і кароль Жыгімонт ІІІ даў гораду Лідзе Магдэбурскае права і герб.
1784 — у Нясьвіжы падчас візыту караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага адбылася прэм’ера опэры «Агатка, або Прыезд пана» на лібрэта Мацея Радзівіла. Музыку твору традыцыйна прыпісваюць нясьвіскаму капэльмайстру Яну Давіду Голянду.
1787 — у Філядэльфіі прынятая Канстытуцыя ЗША.
1794 — Крупчыцкi бой. Адна з буйных бітваў паўстаньня. Больш як 5 тысяч паўстанцаў пад камандаваньнем Караля Серакоўскага з 26 гарматамі стрымлівалі 12 тысяч расейскіх жаўнераў Аляксандра Суворава з 39 гарматамі. Аднак калі расейскія войскі пачалі абыходзіць пазыцыі паўстанцаў, Серакоўскі загадаў адступаць да Берасьця. Праз два дні паўстанцы пацярпелі паразу пад Тэрэспалем.
Праз стагодзьдзе пасьля бою ў Крупчыцах пабудавалі Сьвята-Ўладзімерскую царкву як помнік расейскім жаўнерам. У 1952 годзе на ўскрайку вёскі паставілі абэліск з надпісам па-расейску: «На тутэйшых Крупчыцкіх палях 6 верасьня 1794 году расейскімі войскамі пад камандаваньнем вялікага расейскага палкаводца А. В. Суворава быў разьбіты корпус генэрала Серакоўскага». У 2004 годзе на месцы былых каталіцкіх могілак зьявілася мэмарыяльная капліца ў памяць пра паўстанцаў. Самі Крупчыцы ў 1970-х гадах далучылі да вёскі Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёну. Усе тры памяткі суіснуюць у вёсцы да сёньня.
1939 — Савецкі Саюз пачаў наступ на Польшчу, двума тыднямі раней атакаваную Нямеччынай. Чырвоная армія заняла тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны, якія паводле сакрэтнага пратаколу да пакту Молатава — Рыбэнтропа траплялі ў савецкую сфэру ўплыву. У выніку Заходняя Беларусь была далучаная да БССР. З 2021 году 17 верасьня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца як Дзень народнага адзінства. Улады трактуюць падзеі 1939 году як аднаўленьне адзінства беларускага народу пасьля падзелу краіны Рыскім мірам 1921 году.
1939 — польскі прэзыдэнт, урад, замежныя дыпляматы пры ўрадзе, галоўнакамандуючы, прымас ды іншыя асобы пакінулі Польшчу і перайшлі ў Румынію, дзе былі інтэрнаваныя.
1980 — у Польшчы створаны незалежны прафсаюз «Салідарнасьць». За некалькі месяцаў ён ператварыўся ў масавы грамадзкі рух, які аб’яднаў каля 10 мільёнаў чалавек і стаў галоўнай арганізаванай сілай супраціву камуністычнаму рэжыму ў Польшчы.
1993 — апошнія расейскія вайсковыя злучэньні пакінулі Польшчу.
2020 — затрымалі каардынатарку Валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову. У верасьні 2022 году яе асудзілі на 15 гадоў калёніі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. 19 сакавіка 2026 году Рабкову, дзякуючы спэцпасланьніку ЗША, вызвалілі праз памілаваньне. Яе і яшчэ 14 палітвязьняў фактычна прымусова вывезьлі ў Літву.
2020 — Аляксандар Лукашэнка разам з кіраўнікамі яшчэ васьмі дзяржаў атрымаў Шнобэлеўскую прэмію ў галіне мэдычнай адукацыі — за выкарыстаньне пандэміі COVID-19 для дэманстрацыі таго, што палітыкі могуць мацней уплываць на жыцьцё і сьмерць, чым навукоўцы і лекары. Гэта была ўжо другая шнобэлеўская ўзнагарода Лукашэнкі.
2021 — у Беластоку адкрыўся музэй памяці сасланых у Сібір — ад царскіх часоў да савецкіх.
У гэты дзень нарадзіліся
1774 — Тадэвуш Тышкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзяяч ВКЛ, удзельнік паўстаньняў 1794 і 1831 гадоў, вайны 1812 году на баку Напалеона ды іншых войнаў.
1857 — Канстанцін Цыялкоўскі, расейскі навуковец у галіне касманаўтыкі.
1860 — Кандрат Лейка, празаік і драматург, пачынальнік беларускай дзіцячай літаратуры.
1898 — Павал Крынчык, дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст.
1907 — Сяргей Дзяргай, беларускі паэт і перакладчык.
1912 — Максім Танк, народны паэт Беларусі.
1922 — Уладзімер Калесьнік, беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец, крытык, пэдагог.
1959 — Сяргей Дубавец, літаратар і публіцыст, першы рэдактар адноўленай у 1991 годзе газэты «Наша Ніва».
У памяці
1999 — Віктар Вуячыч, сьпявак, народны артыст Беларусі.
2004 — Рыгор Рэлес, беларускі габрэйскі пісьменьнік і паэт.
2013 — Віктар Маркавец, мастак, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
https://smarturl.click/MAzp