Як паведамілі на сайце, створаным для інфармаваньня аб пошуку зьніклых альпіністаў, Мікалая Сьвірыдава чатыры дні шукала каманда апэратараў дронаў кампаніі EVERNEST разам з альпіністам Андрэем Ярохіным.
«На схіле знайшлі два прадметы: красовак і намёт. Але галоўнае, што далі гэтыя здымкі, іншае. Мы аднавілі месца на грэбні, адкуль імаверна адбыўся зрыў. Цяпер вядома, дзе ўсё пачалося. Мікалая на здымках няма. Мяркуючы па рэльефе і па тым, як сыходзяць лявіны, зь вялікай імавернасьцю ён пахаваны пад лявіннымі вынасамі альбо знаходзіцца ў расколінах ніжэй па схіле. Ні тое, ні іншае з паветра не праглядаецца», — адзначаецца ў паведамленьні.
У раёне гары зноў пачаліся сьнегапады, сьнег назапашваецца на схілах і больш не сыходзіць.
«Далейшае вывучэньне схілаў немагчыма: усё, што мы шукалі, цяпер пад сьнегам. Таму сёньня (15 верасьня) работы спынілі. Група зьнімаецца з гары. Аднаўленьне пошукаў не плянуем. Мікалай застаецца на Курумды», — паведамілі ў групе пошуку.
Удзельнікі пошукаў падзякавалі Міністэрству ў надзвычайных сытуацыях Кіргізстану і яго кіраўніку, выратавальнікам, кампаніі EVERNEST, усім, хто працаваў у пошукавым штабе, валянтэрам, якія адглядалі гадзіны відэазапісаў, і тым, хто фінансава падтрымліваў пошукі загінулых альпіністаў.
Што папярэднічала
9 жніўня стала вядома, што пасьля ўзыходжаньня на пік Курумды 4 жніўня перасталі выходзіць на сувязь два беларускія і адзін літоўскі альпіністы.
43-гадовы Максім Палянскі, 60-гадовы Мікалай Сьвірыдаў і 37-гадовы літоўскі альпініст Сяргей Рубцоў падняліся на пік Курумды вышынёй 6613 мэтраў 1 жніўня і абвясьцілі, што пачнуць спуск 2 жніўня. Яны зьвязаліся з апэратарам і паведамілі, што гатовыя рухацца ў бок базавага лягеру. У прызначаны час 4 жніўня група не прыйшла на кантрольны пункт.
Спачатку кіргіскія ратаўнікі знайшлі намёт зьніклых і некаторыя рэчы альпіністаў. Раніцай 16 жніўня пры аблёце схілу дрон зьняў месца сходу сьнежна-каменнай масы. Пры разборы відэазапісаў побач са знойдзенымі раней рэчамі выявілі целы двух альпіністаў.
25 жніўня целы спусьцілі з гары і перавезьлі ў горад Ош для апазнаньня. 27 жніўня стала вядома, што целы належылі беларусу Максіму Палянскаму і літоўцу Сяргею Рубцову.
Форум