«Скасаваньне амэрыканскіх санкцый зь Беларусі можа прынесьці непасрэдную карысьць ваенным намаганьням Расеі, паколькі, паводле ацэнкі ISW, Расея фактычна анэксавала Беларусь, а абедзьве дзяржавы маюць аб’яднаную абаронна-прамысловую базу», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 15 верасьня.
Такім чынам ацанілі абяцаньне Джона Коўла размарозіць беларускія сродкі, якія знаходзяцца ў банку ЗША. У прыватнасьці, ішлося аб замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank.
Што папярэднічала
На сустрэчы 15 верасьня з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джонам Коўлам Аляксандар Лукашэнка заклікаў амэрыканскі бок «няўхільна» выконваць дасягнутыя дамоўленасьці. На гэтай сустрэчы праблемы з замарожанымі сродкамі агучыў запрошаны ўпершыню на такую сустрэчу прэмʼер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын.
«Адзінае, гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас, каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.
Калі размова зайшла аб вызваленьні палітвязньняў, Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што ў Беларусі няма палітычнага перасьледу. Апроч таго, ён заявіў, што «беглыя» хлусяць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца і замест вызваленых у межах амэрыканскіх дамоўленасьцяў затрымліваюць і судзяць у два разы больш іншых грамадзян.
«Я адчуваю, што і вас яны пераканалі. [...] Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда. У нас няма такой мэты, замест вызваленых людзей адпраўляць новых людзей у папраўчыя калёніі. Такой у нас праблемы няма. Мы гэтага ня робім і рабіць ня будзем. Гэта нашы беларусы. Але калі нехта з грамадзян Беларусь і прысутных тут неграмадзян парушаць беларускія законы, мы абавязкова будзем рэагаваць па законе», — сказаў Лукашэнка.
Пасьля сустрэчы не было ніякіх дадатковых заяў з абодвух бакоў. Таксама застаецца невядомым, ці былі вызваленыя палітвязьні.
Праваабаронцы паведамілі, што з моманту апошняга вялікага вызваленьня палітычнымі вязьнямі прызналі яшчэ 224 чалавек, якія ўтрымліваюцца за кратамі паводле палітычных матываў.
- Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.
- Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі ўказамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці трэцяга ліпеня.
- Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.
Форум