Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 115 гадоў з дня нараджэньня паэта Юлія Таўбіна, расстралянага ў маладосьці

Юлі Таўбін
Юлі Таўбін

Падзеі 15 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Гэты дзень у гісторыі

1068 — быў вызвалены полацкі князь Усяслаў, захоплены ў кіеўскі палон. Кіяўляне паўсталі супраць свайго князя Ізяслава, скінулі яго і абралі на ягонае месца Ўсяслава. Палачанін княжыў там 7 месяцаў. Увесну 1069 году, калі Ізяслаў пайшоў на Кіеў з польскім войскам. Усяслаў пайшоў яму насустрэч, але каля Белгараду ўначы пакінуў кіеўскае войска і вярнуўся ў Полацак.

1821 — Гандурас, Гватэмала, Нікарагуа, Коста-Рыка і Сальвадор абвясьцілі незалежнасьць ад Гішпаніі. Сёньня ўсе пяць краінаў адзначаюць Дзень незалежнасьці.

1908 — Якуб Колас засуджаны на 3 гады турмы за ўдзел у настаўніцкім зьезьдзе і нелегальную працу. Увесь тэрмін адбываў у Менскім астрогу (у Пішчалаўскім замку, дзе пазьней было СІЗА № 1, больш вядомае як «Валадарка»).

1916 — падчас Першай сусьветнай вайны ў бітве на Соме былі ўпершыню выкарыстаныя танкі (гэта былі брытанскія цяжкія танкі Mark I).

1922 — у Менску заснаваная Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка.

1935 — у Нямеччыне прынялі законы «Аб грамадзянстве Райху» і «Аб ахове нямецкай крыві і нямецкага гонару». Габрэям забаранілі шлюбы і палавыя адносіны зь людзьмі, якіх нацысты адносілі да «нямецкай або роднаснай крыві». У габрэяў таксама адабралі палітычныя правы.

1971 — з канадзкага Ванкувэру да вострава Амчытка выйшла шхуна з 12 актывістамі, якія пратэставалі супраць амэрыканскіх ядзерных выпрабаваньняў. На час акцыі яны перайменавалі судна ў Greenpeace («Зялёны мір»). Ад гэтай даты вядзе свой адлік экалягічная арганізацыя Greenpeace.

1995 — прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб перанясеньні сталіцы з Алматы ў Акмалу. Афіцыйна яна стала сталіцай 10 сьнежня 1997 году. А 6 траўня 1998-га атрымала назву Астана.

Астана
Астана

1997 — зарэгістраваны інтэрнэт-дамэн google.com. Пошукавую сыстэму Лары Пэйдж і Сяргей Брын пачалі распрацоўваць у Стэнфардзкім унівэрсытэце яшчэ раней.

2006 — упершыню зьняволены Зьміцер Дашкевіч, палітык і палітвязень. 1 лістапада яго асудзяць на паўтара году калёніі.

Франак Вячорка, Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч каля ізалятара на Акрэсьціна, студзень 2008
Франак Вячорка, Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч каля ізалятара на Акрэсьціна, студзень 2008

У гэты дзень нарадзіліся

1254 Марка Полё, вэнэцыянскі гандляр, вандроўнік, пісьменьнік.

1890 Агата Крысьці, славутая ангельская аўтарка дэтэктываў.

Агата Крысьці
Агата Крысьці

1907Барыс Суравы, настаўнік і грамадзкі дзяяч, у часе Другой сусьветнай вайны быў школьным інспэктарам, кіраўніком Саюзу беларускай моладзі ў Слонімскай акрузе. Дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі.

1911Юлі Таўбін, беларускі паэт, перакладчык.

Кожны з маленства злучаны выракам,
А потым крывёю аплочвае чыншы.
На Беларусі зрабіцца лірыкам
Куды лягчэй, як чым-небудзь іншым.

Вагон прарываецца рыбай празь нерат,
Бярозы гальлём быццам бʼюцца а шыбы,
І так мая лірыка рвецца наперад,
Як гэтая самая ў нераце рыба.

...З маленства з нас кожны злучаны выракам
І плоціць за вырак багатыя чыншы...
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй, як іншым.

1929 Арлен Кашкурэвіч, беларускі графік, народны мастак Беларусі.

1930Мэраб Мамардашвілі, савецкі філёзаф (нарадзіўся ў Грузіі).

Мэраб Мамардашвілі
Мэраб Мамардашвілі

1944 Якаў Малайчук, беларускі хормайстар, краязнавец, заснавальнік музэю Рыгора Шырмы ў Пружанах.

У памяці

1648 — расстраляны Апанас Філіповіч, пісьменьнік-палеміст, палітычны і царкоўны дзяяч. Праціўнік Берасьцейскай царкоўнай уніі, аўтар „Дыярыуша Філіповіча“. Кананізаваны РПЦ.

1862Уладзіслаў Сыракомля, паэт, драматург, перакладнік, літаратурны крытык і краязнаўца, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1860-х, палітвязень.

Шырокую вядомасьць набыў беларускі верш Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весьці», напісаны ў 1848-м, калі ў Эўропе адбываліся рэвалюцыі:

Заходзіць сонца пагодняга лета,
Вее вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер з далёкага сьвету:
Добрыя ж весьці да нас ты прынёс!..

Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песьню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

Уладзіслаў Сыракомля
Уладзіслаў Сыракомля

1937 — на станцыі Сегежа ў Карэліі расстраляны Аляксандар (Алесь) Адамовіч, дзяржаўны дзяяч, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

1954Язэп Драздовіч, беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст першай паловы XX стагодзьдзя.

Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт. 1943 год
Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт. 1943 год

Язэп Драздовіч нарадзіўся ў Дзісенскім павеце, атрымаў мастацкую адукацыю ў Вільні, працаваў у «Нашай Ніве». Служыў у войску ў Саратаве, у 1917-м вярнуўся на радзіму. Хутка пераехаў у Менск, дзе выкладаў маляваньне, зрабіў сэрыю замалёвак гістарычных раёнаў гораду, дасьледаваў рэчышча Нямігі, выяжджаў на раскопкі ў Заслаўе і Сьвір, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры, арганізаваў культурна-асьветнае таварыства «Заранка».

У 1921 годзе Драздовіч пераехаў на родную Дзісеншчыну, дзе стварыў беларускую школу, некалькі бібліятэк і мастацкіх суполак, зьбіраў фальклёр і спрабаваў займацца літаратурнай дзейнасьцю. Пэрыядычна выяжджаў у этнаграфічныя экспэдыцыі, працаваў то ў Менску, то ў Вільні, то ў Беластоку. Па вяртаньні на радзіму выкладаў астраномію, маляваньне і гісторыю.

Драздовіч выдаў першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі» з уласнымі ілюстрацыямі, стварыў тры сэрыі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў — «Жыцьцё на Марсе», «Жыцьцё на Сатурне» і «Жыцьцё на Месяцы».

У СССР творчую спадчыну Язэпа Драздовіча ігнаравалі, бо ягонае мастацтва не стасавалася з мэтадам «сацыялістычнага рэалізму», а лад жыцьця вандроўнага мастака не адпавядаў вобразу будаўніка камунізму. Толькі ў 1979 у Менску адбылася першая выстава твораў мастака. А ў 1984 годзе пабачыла сьвет кніга «Вечны вандроўнік», напісаная Арсенем Лісам пра Драздовіча.

1975 Павал Сухі, савецкі авіяканструктар, адзін з заснавальнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, ураджэнец Беларусі.

Мэмарыяльная дошка ў памяць Паўла Сухога, Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт
Мэмарыяльная дошка ў памяць Паўла Сухога, Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт

1997Алексантэры Ахола-Вала, фінскі і беларускі мастак і мысьляр.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG