Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады хочуць забараніць лекарам працаваць у прыватных клініках без сямі гадоў стажу ў дзяржаўных

Шпіталь у Беларусі, архіўнае фота
Шпіталь у Беларусі, архіўнае фота

Цяпер ідзе грамадзкае абмеркаваньне прапановы Міністэрства аховы здароўя.

Як паведаміў сайт дзяржаўнай беларускай тэлевізіі news.by са спасылкай на інтэрвію міністра аховы здароўя Беларусі Аляксандра Хаджаева, улады прапануюць увесьці для лекараў новае правіла — перш, чым пачаць практыку ў прыватнай клініцы, трэба сем гадоў адпрацаваць у дзяржаўнай установе.

Акрамя таго, лекару трэба будзе мець першую катэгорыю.

Па словах міністра Аляксандра Хаджаева, праект зьменаў цяпер абмяркоўваецца з мэдыцынскай супольнасьцю, пры гэтым «крытычных заўваг» і вялікай колькасьці пытаньняў ад мэдыкаў не паступіла.

«Патрэбна будзе адпрацаваць у дзяржаўнай мэдустанове сем гадоў замест трох», — паведаміў тэлеканал Беларусь.

Канчатковую норму будуць прымаць пасьля збору водгукаў мэдыцынскай супольнасьці, заявіў Караеў.

Раней такую рэформу абмяркоўвалі на нарадзе ў Лукашэнкі, дзе прагучала ідэя абмежаваць магчымасьць пераходу лекараў зь дзяржаўных у прыватныя клінікі, а для гэтага павялічыць стаж працы з трох да сямі гадоў у дзяржаўных установах і зрабіць абавязковай наяўнасьць ня менш за першай катэгорыі, у тым ліку і для сярэдніх мэдычных супрацоўнікаў.

Чаму гэта важна

З агульнадзяржаўнай базы вакансіяў, апублікаванай на афіцыйным сайце службы занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, вынікае, што ў лякарнях, санаторыях і іншых мэдычных установах краіны не хапае 3644 лекараў, 1878 мэдычных сясьцёр і 1872 санітараў. Найбольшы дэфіцыт мэдычных кадраў назіраецца ў Менску, Менскай, Горадзенскай і Берасьцейскай вобласьцях.

5 чэрвеня на адкрыцьці шпіталю ў Горадні Аляксандар Лукашэнка назваў «чужымі» лекараў, што выехалі зь Беларусі за мяжу, і заклікаў іх вярнуцца, каб «посуд мыць» і выносіць сьмецьце.

Пасьля 2020 году ў Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі, якія закранулі і лекараў. Многія зь іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах супраць гвалту і катаваньняў. Кіраўніцтва шпіталёў звальняла неляяльных мэдыкаў, хоць сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спэцыялізацыяў.

Прыватны сэктар аховы здароўя ў Беларусі таксама сутыкнуўся з беспрэцэдэнтным ціскам. Паводле Міністэрства аховы здароўя ў Беларусі дзейнічаюць да 1950 аб’ектаў прыватнай формы ўласнасьці, аднак у гэты лік уваходзяць ня толькі клінікі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, стаматалягічныя кабінэты, кабінэты масажу, оптыкі і гэтак далей. Колькасьць паўнавартасных мэдычных цэнтраў не перавышае 550 устаноў.

У 2020 годзе прадстаўнікі сфэры аховы здароўя, у тым ліку прыватных устаноў, актыўна падтрымлівалі пратэсты.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG