Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейнага арбітра падазраюць у забойстве цяжарнай жанчыны ў Менску

Аляксей Гаўрылёнак. Фота: tribuna.com
Аляксей Гаўрылёнак. Фота: tribuna.com

38-гадовага хакейнага арбітра Аляксея Гаўрылёнка падазраюць у забойстве 43-гадовай Татьяны Марцішчанкі, якая была як мінімум на пятым месяцы цяжарнасьці. Раней МУС паведамляла аб затрыманьні 38-гадовага менчука, аднак яго імя не называла.

Пра гэта паведамляе партал Tribuna.

Жанчына перастала выходзіць на сувязь 8 верасьня. Яе дачка зьвярнулася ў міліцыю. Паводле сілавікоў, падазраванага ўстанавілі цягам сутак. Ён быў у блізкіх адносінах з ёй і ведаў пра цяжарнасьць. Пасьля сваркі, паводле сьледзтва, мужчына некалькі разоў ударыў жанчыну нажом, схаваў цела ў вялікую спартовую сумку, вывез за горад і закапаў у лесе Менскага раёну.

Tribuna зьвярнула ўвагу, што пасьля затрыманьня профіль Гаўрылёнка зьнік з сайту Фэдэрацыі хакею Беларусі. Раней ён значыўся сярод галоўных судзьдзяў. Да судзейскай кар’еры Гаўрылёнак быў прафэсійным хакеістам — выступаў за менскае «Дынама», «Керамін» і «Брэст», а таксама гуляў за моладзевыя зборныя Беларусі. У 2007 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце сьвету U-20.

Гаўрылёнак таксама судзіў матчы з удзелам Лукашэнкі. Апошні такі матч ён абслугоўваў у лютым 2026 году.

Ягоны бацька Аляксандар Гаўрылёнак — былы брамнік менскага «Дынама» і зборнай Беларусі, чатырохразовы чэмпіён Беларусі. Ён таксама працаваў трэнэрам, у тым ліку ў «Брэсьце», дзе гулялі ягоныя сыны Аляксей і Мікалай.

Паводле інфармацыі Onliner, забітая жанчына была акушэрам-гінеколягам, нейкі час працавала ў адной зь менскіх радзільняў. Затым стала развіваць сваю справу, зьвязаную з мэдыцынскай сфэрай (са словаў суседзяў). У яе засталася дарослая дачка.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG