Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў з дазволам на пражываньне ў Літве за месяц стала менш на 400 чалавек

Коўна з паветра, ілюстрацыйнае фота
Коўна з паветра, ілюстрацыйнае фота

Грамадзяне Беларусі працягваюць выяжджаць зь Літвы, затое ў краіне расьце лік мігрантаў з азіяцкіх краінаў.

Грамадзяне Беларусі па-ранейшаму складаюць другую па ліку групу замежнікаў у Літве пасьля ўкраінцаў. Аднак іх становіцца ўсё меней. Калі ў пачатку 2024 году ў Літве 62,2 тыс. беларускіх грамадзян мелі дазвол на пражываньне, дык да верасьня 2026 году беларусаў з ДНЖ засталося 47,9 тыс.

Беларусы працягваюць пакідаць Літву і цяпер, толькі за апошні месяц іх лік скараціўся яшчэ на 411 чалавек, сьведчаць зьвесткі Дэпартамэнту міграцыі Літвы.

Лік грамадзян Украіны, якія маюць дзейны дазвол на пражываньне, за той жа месяц вырас амаль на 850 чалавек — з 79 469 да 80 312. Але рост за год склаў толькі каля 440 чалавек, піша LRT.

Якая дынаміка ў іншых замежнікаў?

На 1 верасьня ў Літве налічвалася 13 272 грамадзяніны Расеі зь дзейным дазволам на пражываньне. Уладальнікаў гэтага пашпарта было амаль 15,9 тыс. у пачатку 2024 году. Іх лік у Літве таксама істотна зьнізіўся.

Пры гэтым у краіне становіцца значна больш мігрантаў з азіяцкіх краінаў, большасьць зь якіх прыяжджаюць у Літву з эканамічных меркаваньняў.

Сама прыкметны рост — сярод грамадзянаў Узбэкістану — цяпер іх 12 617 чалавек, аж у лічбах да пачатку году гэтая грамада вырасла больш як на 4,3 тыс. чалавек.

Таксама ў Літве павялічваецца лік грамадзян Індыі — з 9150 да 9441 за месяц, Таджыкістану — з 7361 да 7473, Пакістану — з 3148 да 3412, а таксама Турэччыны — з 2508 да 2692 чалавек.

Што гэта значыць?

Беларусы працягваюць пакідаць Літву, дзе маюць пэўныя цяжкасьці з атрыманьнем прытулку і чаканьнем дакумэнтаў. У 2025 годзе грамадзяне Беларусі падалі 83 заявы аб атрыманьні прытулку ў Літве, што склала 21,8% з агульнай колькасьці адпаведных хадайніцтваў (381).

У 2024 годзе на беларусаў прыпадала 38,7% такіх заяў (140 з 362), у 2023-м — 49,9% (287 з 575).

Раней частцы беларусаў адмаўлялі ў наданьні прытулку або не працягвалі ім дазвол на пражываньне. Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы прызнаў асобных беларусаў небясьпечнымі праз колішнюю працу ў спэцслужбах або на прадпрыемствах, зьвязаных зь імі.

Пры гэтым беларусы — адны з галоўных просьбітаў пашпарту іншаземца на тэрыторыі Літвы. Такі дакумэнт патрэбны для падарожжаў і шэрагу апэрацый, калі чалавек ня можа вярнуцца ў краіну свайго грамадзянства/паходжаньня. У 2024 годзе Літва выдала 216 замежных пашпартоў, зь якіх 155 — грамадзянам Беларусі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG