Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ягоны малодшы сын Мікалай служыць у войску ў званьні лейтэнанта

Мікалай Лукашэнка (на заднім пляне) ў вайсковай форме, 21 траўня 2026 году
Мікалай Лукашэнка (на заднім пляне) ў вайсковай форме, 21 траўня 2026 году

1 верасьня 2026 году малодшы сын Лукашэнкі Мікалай быў на саміце ШАС у Бішкеку разам з бацькам.

11 верасьня ў Баранавіцкім раёне Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоны сын Мікалай служыць у войску. Аляксандра Лукашэнку працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА:

«Малодшы сын ужо служыць у арміі. Ніхто і ня ведаў нават. Віктар (міністар абароны Віктар Хрэнін) прызваў. Служыць у арміі, як належыць, як усе. Лейтэнант. Ня буду гаварыць дзе, але ў самым складаным падразьдзяленні», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што адначасова Мікалай у вольны час надзяляе ўвагу далейшаму вывучэньню біятэхналёгій — асноўнаму профілю, па якому атрымліваў адукацыю ў ВНУ.

У траўні 2026 году на сумеснай трэніроўцы ядзерных сіл Беларусі і Расеі разам з Аляксандрам Лукашэнкам Мікалай прысутнічаў і быў адзеты ў вайсковую форму з шаўронам Службы бясьпекі прэзыдэнта на плячы, заўважыла «Наша ніва».

Што вядома пра Мікалая Лукашэнку

Мікалай Лукашэнка нарадзіўся 31 жніўня 2004 году. Ягонай маці называюць былую асабістую лекарку Лукашэнкі Ірыну Абельскую.

31 жніўня і 1 верасьня 2026 году малодшы сын Лукашэнкі зьявіўся на саміце ШАС у Бішкеку разам з бацькам. Ён з малых гадоў суправаджае бацьку ў замежных візытах.

Мікалай Лукашэнка сёлета скончыў навучаньне ў сумеснай праграме біятэхналёгіяў БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту. 30 чэрвеня ў Пэкіне ён атрымаў дыплём як выпускнік сумеснай праграмы БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту ў спэцыяльнасьці «біятэхналёгія».

Пра тое, што малодшы сын Лукашэнкі Беларусі вучыцца ў Пэкінскім унівэрсытэце, стала вядома ў 2023 годзе.

Раней Лукашэнка даў свайму сыну падвышаную стыпэндыю, якая фармуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG