Стала вядома пра завочны вырак салістцы Dymna Lotva Кацярыне Манкевіч
У «Сьпіс экстрэмістаў», які вядзе МУС Беларусі, дадалі яшчэ 19 прозьвішч. Цяпер у сьпісе 6906 чалавек.
Пад нумарам 6898 там значыцца Кацярына Манкевіч 1989 году нараджэньня. Супраць яе ў чэрвені гэтага году распачалі спэцыяльную вытворчасьць (завочна). Жанчыну абвінавачвалі ў цэлым паводле 6 палітычных артыкулаў.
Паводле dissidentby.com вырак ёй вынесьлі 14 жніўня 2026 году, але якім ён быў, невядома.
МУС Беларусі піша, што вырак Менскага гарадзкога суду супраць яе уступіў у «законную сілу» і што Кацярына «адбывае пакараньне».
Як піша «Вясна», яе вінавацілі ў «прапагандзе тэрарызму», «фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці», «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «пагрозе гвалтам у дачыненьні да Лукашэнкі» і «абразе Лукашэнкі».
Кацярына Манкевіч удзельнічае ў гурце Dymna Lotva. Раней завочна засудзілі музыку Сяргея Міхалка.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.