Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод 50 найбольш уплывовых габрэяў сьвету адразу 6 зьвязаныя зь Беларусьсю

Джарэд Кушнер і Іванка Трамп
Джарэд Кушнер і Іванка Трамп

Гэта як людзі, продкі якіх паходзілі зь беларускіх земляў, так і тыя, хто нарадзіўся і вырас у краіне.

Выданьне The Jerusalem Post склала пералік 50 найбольш уплывовых габрэяў сьвету. Паводле вэрсіі выданьня, першага месца найбольш заслугоўваюць Джарэд Кушнер і Іванка Трамп з абгрунтаваньнем «вяртаньне закладнікаў дадому». Журналісты высока ацанілі дыпляматычныя здольнасьці пары.

Зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер нарадзіўся ўжо за межамі Беларусі, але гэтага б не адбылося, каб не гераізм ягонай бабулі Райкі Кушнер, якая здолела ўцячы з Наваградзкага гета ў час ІІ усясьветнай вайны. Калі ёй было 16 гадоў, у гета апынулася ўся сямʼя Кушнераў. Нацысты расстралялі яе маці, але Рая з братам здолелі ўцячы.

Пасьля вайны Райка Кушнер трапіла ў лягер для ўцекачоў у Чэхаславаччыне, потым пераехала ў Італію. У Вугоршчыне яна выйшла замуж — яе муж Іосіф таксама быў з-пад Наваградку. У 1949 году яны эмігравалі ў Амэрыку і пасяліліся ў Брукліне, нарадзілі чацьвярых дзяцей. Адзін зь іх, Чарльз, стаў потым бацькам Джарэда Кушнера.

На 20-м месцы сьпісу брат Джарэда Джош, які ў жніўні купіў кантрольны пакет акцыяў аднаго з найвядомейшых баскетбольных клюбаў сьвету — «Лос-Анджэлес Лэйкерз». Таксама ягоны фонд актыўна ўкладае грошы ў OpenAI, GitHub, Instagram і Spotify. Гісторыя Кушнераў ёсьць у наваградзкім Музэі габрэйскага супраціву.

На 13-м месцы Стывэн Мілер, якога назвалі «архітэктарам парадку дня Трампа». Мілер адзін зь нешматлікіх сяброў каманды Трампа, які працаваў зь ім у час абодвух прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Продкі Мілера — зь сям’і Глоцэр з Антопалю, што ў Драгічынскім раёне. Беларусь продкі пакінулі на самым пачатку ХХ ст., ратуючыся ад пагромаў.

14-е месца ў пераліку займае прэзыдэнт Ізраіля Ісаак Герцаг, якога апісалі як «цьвёрды прэзідэнцкі голас». Ён нарадзіўся ў Тэль-Авіве, а ягоны прадзед Шмуэль-Іцхак Хільман быў рабінам у Беразіне на Меншчыне. Акрамя таго, жонка Герцага таксама паходзіць зь Беларусі.

Ісаак Герцаг
Ісаак Герцаг

На 19-м радку разам з калегамі па Галівудзе Джэры Сэйнфэльдам і Стывэнам Сьпілбэргам — акторка Гвінэт Пэлтроў. Яе адзначылі за нястомную падтрымку Ізраілю і за тое, што яна ўзяла на сябе ролю сувязной, якая паказвала на маўчаньне міжнародных жаночых арганізацый пра гвалт, які чынілі ў Ізраілі баевікі ХАМАС.

Цяперашняе прозьвішча паходзіць ад прозьвішча Палтровіч, далёкі продак усясьветна вядомай акторкі паходзіў з-пад Наваградку.

Гвінэт Пэлтроў
Гвінэт Пэлтроў

На 30-м месцы сярод 50 найуплывовейшых габрэяў сьвету чалавек з найбольшай сувязьзю зь Беларусьсю — Раман Гофман. Раман Гофман нарадзіўся ў Мазыры. У 1990 годзе, ва ўзросьце 14 гадоў, ён разам з сям’ёй рэпатрыяваўся ў Ізраіль. Там ён пачаў вайсковую карʼеру ў бранятанкавых войсках і даслужыўся да званьня генэрал-маёра.

Да прызначэньня ў «Масад» Гофман займаў пасаду вайсковага сакратара прэмʼер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу, быў яго дарадцам па бясьпецы.

Прызначаючы Гофмаа на пасаду 2 чэрвеня ў Ерусаліме, прэмʼер Ізраілю асобна падкрэсьліў, што «беларуская зямля дала Ізраілю цэлую пляяду лідэраў». Гофман стаў 14-м кіраўніком ізраільскай выведкі.

Акрамя таго, у паўсотні найуплывовейшых габрэяў сьвету апынуўся прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Журналісты паставілі яго на 21-е месца, назваўшы «габрэйскім тварам украінскага супраціву».

Што гэта значыць?

Раней Беларусь мела вельмі шмат габрэйскага насельніцтва, якія шмат гадоў жылі на беларускіх землях. Акрамя сынагогаў, Талмуд-Тораў і іншых установаў, тут быў Валожынскі ешыбот, які засяроджваў вакол сябе кадры для навучаньня рабінаў. Ён стаў першай падобнай вышэйшай духоўнай вучэльняй ва Ўсходняй Эўропе. Тут адначасова навучаліся да 400 будучых рабінаў. Высокая рэпутацыя ешыботу прыцягвала маладых габрэяў зь іншых краін — Англіі, Нямеччыны, Аўстрыі і Паўночнай Амэрыкі. Адсюль выходзілі вялікія габрэйскія пісьменьнікі, рабіны, палітыкі і навукоўцы.

Зь Беларусі паходзіў і першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, шэраг іншых выбітных ізраільскіх, амэрыканскіх палітыкаў, актораў, навукоўцаў.

Пасьля габрэйскіх пагромаў, якія чынілі ў Расейскай імпэрыі, Галакосту, учыненага нацыстамі, некалькіх хваляў рэпатрыяцыі ў Ізраіль і эміграцыі зь Беларусі ў краіне істотна паменела габрэяў, зьнікла з вуліц мова ідыш. Але складзены The Jerusalem Post сьпіс паказвае, што нягледзячы на гэта многія з найвядомейшых габрэяў сьвету маюць непасрэднае дачыненьне да Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG