Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога гендырэктара «Камунаркі» Анюхоўскага асудзілі да 7 гадоў калёніі

Сяргей Анюхоўскі
Сяргей Анюхоўскі

У Менску вынесьлі прысуд у розгаласнай справе аб хабарніцтве. У турму адправяць кіраўніка буйнога дзяржаўнага прадпрыемства за падробку дакумэнтаў.

Былога генэральнага дырэктара кандытарскай фабрыкі «Камунарка» Сяргея Анюхоўскага асудзілі да сямі гадоў пазбаўленьня волі і штрафу ў памеры 1000 базавых велічынь (45 тысяч рублёў). Яму таксама забаронена займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў, паведаміла Генэральная пракуратура.

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Анюхоўскага вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу краіны:

  • перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, учыненых з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці, якія прывялі да цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 426 КК),
  • атрыманьні хабару ў буйным памеры (ч. 2 арт. 430 КК).

Паводле абвінавачаньня, у 2022–2024 гадах Анюхоўскі ведаў пра неэфэктыўнасьць і немагчымасьць аплаты інавацыйнага праекту ў перапрацоўцы какава-бабоў, але даваў указаньні падначаленым, каб тыя ўносілі у бізнэс-плян і іншыя паперы загадзя ілжывыя зьвесткі аб інвэстыцыйных капітальных выдатках у рамках праекту.

Каб атрымаць грашовыя сродкі інавацыйнага фонду Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, тагачасны гендырэктар фабрыкі падаў заведама падробныя дакумэнты ў дзяржаўныя органы.

Незаконныя дзеяньні з дакумэнтацыяй былі толькі адным з эпізодаў. Анюхоўскі прыняў хабары для сябе і сваёй жонкі ад прадстаўнікоў пастаўніка абсталяваньня для перапрацоўкі какава-бабоў. Узамен ён абяцаў стварыць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі падпісанага кантракту, а таксама абяцаў падпісаньні ўгодаў на пастаўку абсталяваньня ў будучыні.

Як вызначылі пракуроры, дзеяньні Анюхоўскага нанесьлі дзяржаве «шкоду ў асабліва буйным памеры», пра што заявілі й на судзе.

Прысуд яшчэ не набыў моц, таму былы чыноўнік можа яго абскардзіць.

Затрыманьне Анюхоўскага

Анюхоўскі ўзначальваў «Камунарку» з 2021 году. Пра яго затрыманьне незалежныя СМІ паведамлялі ў чэрвені 2024 году, але афіцыйнай інфармацыі пра гэта не было. Як піша «Наша ніва», тады Анюхоўскага зьмяшчалі ў сьледчы ізалятар, але напярэдадні Ўсебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога ён быў прызначаны, вызвалілі. Але тое вызваленьне не пацягнула спыненьня крымінальнага перасьледу.

У чэрвені 2025 году кіраваць «Камунаркай» паставілі новага гендырэктара — Аляксандра Нячая.

Бацька асуджанага, Анатоль Анюхоўскі ўзначальваў Талачынскі кансэрвавы завод і таксама быў членам Савета Рэспублікі.

«Камунарка» як дзяржаўнае прадпрыемства

У 2012 годзе менская шакалядная фабрыка на траціну належала буйному прадпрымальніку з ЗША Марату Новікаву. Аднак 12 кастрычніка таго году прадпрыемства наведаў Лукашэнка і загадаў падначаленым радыкальна зьмяніць раскладку акцыянэраў у абодвух калектывах — зь цяперашніх 22% на «Камунарцы» і 13% на «Спартаку» доля дзяржавы да канца кастрычніка павінна павялічыцца да 57% і 60% адпаведна.

У гомельскай фабрыцы Марату Новікаву належаў кантрольны пакет, у «Камунарцы» — звыш траціны акцыяў.

У 2011 годзе дзяржава задняй датай абнуліла частку дакупленых Новікавым у супрацоўнікаў акцый у «Спартаку» і «Камунарцы», а потым праз дадатковыя эмісіі давяла яго долю ў фабрыках да мізэрнай. Гэтак дзяржава стала ўладальніцай «Камунаркі».

Новікаў не спыніў сваіх спробаў заставацца «шакалядным каралём» Беларусі, як яго называлі. Ён валодаў каштоўнымі паперамі іншых прадпрыемстваў, спрабуючы канкураваць з фабрыкамі, у якіх раней быў уладальнікам і суўладальнікам. Але ў сярэдзіне 2025 году спыніў працу зь Беларусьсю.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG