Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральную раду хакейнага клюбу «Дынама—Менск» ачоліў Баскаў. Яго лічаць датычным да нападу на «плошчу Перамен»

Дзьмітры Баскаў, архіўнае фота
Дзьмітры Баскаў, архіўнае фота

Хакейны клюб «Дынама—Менск» паведаміў аб абноўленым складзе Назіральнай рады, якую ачоліў чалец Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу, галоўны трэнэр хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Баскаў.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце клюбу, у склад назіральнай рады таксама ўвайшлі:

  • Генадзь Казакевіч, намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі,
  • Дзьмітры Балаба, старшыня цэнтральнай рады спартовага таварыства «Дынама», колішні камандзір менскага АМАПу,
  • Міхаіл Пракапенка, начальнік упраўленьня нацыянальных каманд Міністэрства спорту,
  • Андрэй Башко, генэральны сакратар Фэдэрацыі хакею Беларусі.

Што вядома пра клюб і якія функцыі выконвае назіральная рада

Хакейны клюб «Дынама—Менск» — закрытае акцыянэрнае таварыства, адзіным акцыянэрам якога зьяўляецца спартовае таварыства «Дынама».

Назіральная рада аб’ядноўвае прадстаўнікоў ключавых дзяржаўных і спартовых структур — МУС, Міністэрства спорту, спартовага таварыства «Дынама» і Фэдэрацыі хакею Беларусі.

Назіральная рада вызначае прыярытэтныя кірункі дзейнасьці клюбу, а таксама фарміруе яго фінансавую, трансфэрную і інфармацыйную палітыку. Апроч таго, рада ажыцьцяўляе кантроль за працай генэральнага дырэктара клюбу і адказвае за шэраг пытаньняў, зьвязаных з фарміраваньнем каманды.

Чаму гэта важна

12 лістапада 2020 году пры трагічных абставінах памёр 31-гадовы мянчук Раман Бандарэнка. Жыхара «плошчы Перамен» у Менску (двор на скрыжаваньні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракта) выкралі і пабілі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі.

У шпіталь Рамана завезьлі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.

Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 11 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG