Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 75 гадоў таму Янка Філістовіч дэсантаваўся ў Беларусі

Янка Філістовіч, архіўнае фота
Янка Філістовіч, архіўнае фота

Падзеі 9 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

У гэты дзень

337 — Рымская імпэрыя падзеленая на 3 часткі паміж сынамі імпэратара Канстантына.

1698 — войскі Рэчы Паспалітае на чале з каронным гетманам Феліксам Казімерам Патоцкім перамаглі татараў у бітве пад Падгайцамі ў часе вайны Рэчы Паспалітае з Асманскай імпэрыяй.

1791 — сталіца ЗША, будаўніцтва якой толькі пачалося, атрымала назву ў гонар першага прэзыдэнта Джорджа Вашынгтона.

1844 — выйшла першая кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага.

Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня»
Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня»

1863 — у Воршы расейскія вайскоўцы расстралялі Ігната Будзіловіча, кіраўніка атраду вызвольнага паўстаньня.

1918 — у Менску адкрыліся беларускія настаўніцкія курсы, створаныя Сакратарыятам асьветы БНР.

1942 — стварылі Беларускі штаб партызанскага руху. Спачатку ён месьціўся ў Расеі, а з 1944 году — у Беларусі.

1944 — у Любліне падпісанае „Пагадненьне памiж урадам Беларускай ССР i Польскім камiтэтам нацыянальнага вызваленьня аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы i польскіх грамадзян з тэрыторыі БССР“. У выніку зь Беларусі ў Польшчу выехала каля 240–270 тысяч чалавек, а з Польшчы ў БССР — каля 36 тысяч.

1951 — з амэрыканскага самалёта дэсантаваўся Янка Філістовіч, удзельнік антысавецкага руху, з мэтай арганізацыі патрыятычных сіл для барацьбы з бальшавікамі.

2001 — у Беларусі адбыліся другія прэзыдэнцкія выбары. Пераможцам на іх абвясьцілі Аляксандра Лукашэнку. Апазыцыянэры Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір ня трапілі ў бюлетэні — у ЦВК заявілі, што яны не здалі патрэбныя 100 тысяч подпісаў. Апанэнты Лукашэнкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар прапалі ў 1999 годзе.

Уладзімер Ганчарык выступае на плошчы пасьля таго, як ЦВК абвясьціў вынікі галасаваньня. 2001 год
Уладзімер Ганчарык выступае на плошчы пасьля таго, як ЦВК абвясьціў вынікі галасаваньня. 2001 год

Адзіным кандыдатам ад апазыцыі стаў Уладзімер Ганчарык.

2001 год, Лукашэнка прымае прэзыдэнцкую прысягу
2001 год, Лукашэнка прымае прэзыдэнцкую прысягу

2020 — стала вядома, што сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака ўзялі пад варту ў крымінальнай справе за «публічныя заклікі да дзеяньняў, накіраваных супраць нацыянальнай бясьпекі». Знака затрымалі раніцай 9 верасьня, Калесьнікава ж была ў руках сілавікоў пасьля таго, як яе схапілі 7 верасьня і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. Пазьней Калесьнікаву і Знака абвінавацілі яшчэ і ў змове з мэтай захопу ўлады.

У гэты дзень нарадзіліся

1585Арман Жан дзю Плясі дэ Рышэльё, францускі дзяржаўны дзяяч, кардынал.

1769Іван Катлярэўскі, украінскі пісьменьнік, паэт і драматург, заснавальнік сучаснай украінскай літаратуры.

1828Леў Талстой, расейскі пісьменьнік.

Лаў Талстой
Лаў Талстой

1894Аляксандар Крыніцкі, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.

1918 — нарадзіўся Сяргей Адашкевіч, скульптар. Ягонымі творамі дэкараваныя фасады будынкаў Палацу прафсаюзаў, Галоўнага паштамту і Прывакзальнай плошчы ў Менску.

1980 — нарадзіўся Віталь Стахіевіч, піяніст.

Віталь Стахіевіч выступае перад беларусамі Прагі, 2016 год.
Віталь Стахіевіч выступае перад беларусамі Прагі, 2016 год.

У памяці

1569 Пітэр Брэйгель старэйшы, флямандзкі мастак.

1916 Аляксандар Ельскі, беларускі краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф, публіцыст і зьбіральнік беларускіх старажытнасьцяў (27 жніўня старога стылю). У Замосьці на Меншчыне ён стварыў багаты прыватны музэй і бібліятэку, зьбіраў рукапісы, дакумэнты, старадрукі і творы мастацтва, дасьледаваў гісторыю, культуру і мову Беларусі. Ельскі таксама пераклаў на беларускую мову першую частку «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Пахаваны ва ўрочышчы Кобань каля Дудзічаў (цяпер Пухавіцкі раён).

1973 Iван Лушчыцкi, філёзаф

1976Мао Цзэдун, камуністычны дыктатар Кітаю.

Сталін і Мао Цзэдун (паштовая марка КНР 1950 г.)
Сталін і Мао Цзэдун (паштовая марка КНР 1950 г.)

2005 Ібрагім Канапацкі, гісторык, грамадзкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст., лідэр беларускіх татараў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG