— У апошнія гады вельмі моцна мяняюцца адносіны, пераважна знаёмствы і флірт паміж мужчынам і жанчынай. Гэта зьвязваюць з такімі кампаніямі, як #MeToo. Некаторыя называюць гэта «новай этыкай»: трэба ў некалькі разоў больш асьцярожна знаёміцца, шмат разоў пытацца ў жанчыны, ці можна да яе дакрануцца, як яна гэтага хоча. Як вы ставіцеся да гэтай зьмены? Ці сапраўды яна адбываецца?
— Добра, што гэта існуе. Актыўная згода — супэр. Не — значыць не.
— Раней была пагоня за жанчынай: уся літаратура, мастацтва, фільмы, тэатры палягалі на тым, што мужчына мусіў, як на беларускім гербе «Пагоня», скакаць за жанчынай, дамагацца яе, а яна павінна была рабіць жэсты, што яна не хоча, некалькі разоў адмаўляць. Ці падтрымліваеце вы тое, што цяпер усё ідзе ў іншы бок?
— Мне падабаецца гэтая тэндэнцыя. Гэта супэр адназначна. Я думаю, што хоць бы ў сябе ў галаве ты задумаешся, калі гэтае пытаньне паўстане: згодны ты, згодная ты, каб гэты кантакт адбыўся. І гэта выдатна. Мне здаецца, у сэрыяле «Sex Education» якраз клясна паказаны гэты бок. Калі ўжо ўсё адбываецца, героі там аголеныя, быццам бы ўжо ўсё зразумела і, здавалася б, нічога пытацца не трэба, усё відавочна для ўсіх удзельнікаў працэсу — усё роўна пытаюцца: «Ты згодная?» Гэта «так» ці «не» — мы рухаемся далей. Гэта ўвогуле супэр, самы верх.
— Я размаўляў з некаторымі калегамі, і гэта, дарэчы, былі жанчыны. Яны казалі, што спачуваюць сваім дзецям, бо ў такім сьвеце хлопцам давядзецца заводзіць адносіны. Хлопцы сталі менш адважнымі: яны баяцца падысьці, бо ня ведаюць, як правільна гэта зрабіць, і баяцца, што іх ацэняць: «Што гэта за падкат?»
— Ну, слухайце, давядзецца неяк ужываць сваю фантазію, давядзецца акуратненька дзейнічаць у зададзеных абставінах. Гэта добра, няхай ужываюць фантазію.
— А што гэта мяняе для жанчыны? Што мужчына будзе «выгінацца вужакай» і, магчыма, перастане быць самім сабой, бо будзе думаць, як здабыць гэтую жанчыну?
— Ён проста будзе асьцярожней дзейнічаць. Гвалт працягвае існаваць, таму няхай будуць выбарчыя, асьцярожныя і вынаходлівыя.
— А спантаннасьць? Яна ж можа зьнікаць, калі ўсё фармалізуецца. Ужо нават хадзілі гісторыі пра нейкія аплікацыі, дзе можна загадзя пацьвердзіць сваю згоду і зафіксаваць яе, каб потым ніхто не сказаў, што ўсё было не так.
— Так а мінусы дзе? Мінусы будуць?
Пра праект «Канапа»
«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.
Форум