Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША грузавы самалёт выкаціўся за межы паласы і загарэўся. Сама меней пяць чалавек загінулі

Аэрапорт у Маямі (ЗША). Ілюстрацыйнае фота
Аэрапорт у Маямі (ЗША). Ілюстрацыйнае фота

Грузавы самалёт авіякампаніі Amazon Air, які выконваў рэйс з Пуэрта-Рыка ў міжнародны аэрапорт Маямі, выкаціўся за межы ўзьлётна-пасадачнай паласы і загарэўся.

Як паведаміла выданьне BBC, сама меней пяць чалавек загінулі.

«Мы можам пацьвердзіць, што загінулі сама меней пяць чалавек», — заявіла мэр акругі Маямі-Дэйд Даніэла Левін Кава на прэсавай канфэрэнцыі. Паводле яе, некалькі чалавек шпіталізавалі з траўмамі.

Кіраўнік пажарнай службы Маямі Раед Джадалах пазьней удакладніў, што пацярпелі пяць чалавек, тры зь іх знаходзяцца ў крытычным стане.

Самалёт належаў кампаніі 21 Air. Пры пасадцы ён выкаціўся за паласу і ўрэзаўся ў аўтамабілі на паркоўцы перад вялікім лягістычным комплексам. Пачаўся пажар, некаторыя пацярпелыя апынуліся заблякаванымі ў аўтамабілях.

Самалёт Boeing 767-300 выконваў рэйс 7598 з міжнароднага аэрапорту ў Пуэрта-Рыка.

Паводле BBC, самалёт быў зроблены ў 1994 годзе і першапачаткова належаў бэльгійскаму перавозьніку Sobelair, а ў 2016 годзе яго пераабсталявалі ў грузавы.

Пасьля інцыдэнту аэрапорт закрылі, у выніку чаго шмат рэйсаў скасавалі або затрымалі. Пазьней работу аэрапорту аднавілі, але папярэдзілі пасажыраў аб магчымых затрымках.

Расьсьледаваньне інцыдэнту вядзе Нацыянальная рада ў бясьпецы на транспарце ЗША (NTSB).

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG