Дата дня
2 верасьня 1934 году на 32-м годзе жыцьця памёр ад сухотаў Мікола Ільляшэвіч, дзяяч беларускага руху, гісторык, псыхоляг, настаўнік, выдавец.
Як і ягоны брат, вядомы ў будучыні паэт і палітычны дзяяч Хведар, скончыў Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся зь Вінцэнтам Жук-Грышкевічам (будучы старшыня Рады БНР). Друкаваўся ў моладзевым часопісе «Маладое жыцьцё». Па сканчэньні гімназіі ў 1923-м паступіў у Праскі ўнівэрсытэт.
У 1925-м узначаліў створанае там Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францішка Скарыны. У 1928-м абараніў доктарскую дысэртацыю, у якой разглядаў Беларусь як адметную цэласьць з антрапагеаграфічнага, гістарычнага і этнаграфічнага гледзішча.
Па вяртаньні ў Вільню выкладаў у беларускай гімназіі і праваслаўнай духоўнай сэмінарыі, рэдагаваў часопіс «Саха», выдаў «Кароткі нарыс псыхолёгіі».
У працы 1933 году пра палітыку Расейскай імпэрыі на землях былога ВКЛ дасьледаваў, як пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай расейскія ўлады імкнуліся ўніфікаваць далучаны край і праводзілі палітыку русыфікацыі.
Таксама ў гэты дзень
1192 — скончыўся трэці крыжовы паход, кароль Рычард Львінае Сэрца і султан Саладын заключылі перамір’е.
1621 — пад Хоцінам пачалася бітва войска Рэчы Паспалітай і запароскіх казакаў пад кіраўніцтвам вялікага гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча. Пасьля больш як месяца баёў асманцы зразумелі, што ня змогуць прайсьці далей, і 9 кастрычніка пагадзіліся на перамір’е.
1945 — капітуляцыяй Японіі скончылася Другая сусьветная вайна.
1945 — абвешчаная незалежнасьць Віетнаму ад Францыі. Але да аб’яднаньня краіны ў 1976 годзе Віетнам зазнае гады войнаў.
1971 — Аб’яднаная Арабская Рэспубліка зьмяніла назву на Арабскую Рэспубліку Эгіпет. ААР у 1958 годзе стварылі Сырыя і Эгіпет, але Сырыя выйшла зь яе ўжо ў 1961 годзе пасьля вайсковага перавароту.
1990 — набыла сілу Канвэнцыя ААН аб правах дзіцяці.
1990 — Самаабвяшчэньне Прыднястроўскай Малдаўскай ССР.
1991 — Самаабвяшчэньне Нагорна-Карабаскай Рэспублікі (спыніла існаваньне 1 студзеня 2024 году).
1996 — ва Ўкраіне ўвялі нацыянальную валюту — грыўню.
1998 — у Віцебску арыштаваны Ўладзімер Плешчанка за нібыта крадзеж бюста Суворава. Справа развалілася ў судзе, і актывіста выпусьцілі 29 сакавіка 1999 году, не асудзіўшы, але і не апраўдаўшы.
2020 — з Купалаўскага тэатру звольніўся народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Усяго пасьля звальненьня дырэктара тэатру Паўла Латушкі напісалі заявы на звальненьне 42 акторы і іншыя супрацоўнікі тэатру.
У гэты дзень нарадзіліся
1943 — Барыс Гюнтэр, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія леглі ў падмурак прынятай 25 жніўня 1991 году пастановы пра наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце сілы канстытуцыйнага закону. Удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11–12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. Памёр 22 жніўня 2014 году.
1955 — Яўген Мірановіч, беларускі і польскі гісторык, грамадзка-культурны дзеяч.
У памяці
1800 — Мацей Радзівіл, беларускі драматург, кампазытар, аўтар лібрэта апэрэтаў, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.
1814 — Жан Эмануэль Жылібэр, францускі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Горадзенскай мэдычнай акадэміі.
1960 — Станіслаў Касьцялкоўскі, ураджэнец Горадні, гісторык, прафэсар, дасьледнік гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.
1973 — Джон Рональд Руэл Толкін, брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца.
1998 — Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік, журналіст, краязнавец, настаўнік.
1998 — Ян Матусевіч, рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар.
https://smarturl.click/MAzp