Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ЗША ўзмацняе барацьбу з турызмам для нараджэньня дзяцей з мэтай атрымаць амэрыканскае грамадзянства

Пашпарт ЗША. Архіўнае фота
Пашпарт ЗША. Архіўнае фота

Фэдэральны суд у Мэрылендзе адмовіўся неадкладна заблякаваць новы ўказ прэзыдэнта Дональда Трампа супраць турызму для нараджэньня дзяцей.

6 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які забараняе выдачу дакумэнтаў аб грамадзянстве ЗША дзецям, калі ні адзін з бацькоў не зьяўляецца грамадзянінам ЗША, і калі «любы з бацькоў удзельнічаў у камэрцыйнай зьдзелцы з мэтай атрыманьня грамадзянства па нараджэньні для дзіцяці або ўдзельнічаў у махлярскай дзейнасьці з мэтай атрыманьня грамадзянства, уключаючы прысутнасьць маці ў Злучаных Штатах з мэтай нараджэньня дзяцей», піша «Голас Амэрыкі».

Іміграцыйныя няўрадавыя арганізацыі аспрэчылі ўказ, але акруговы судзьдзя ЗША Дэбора Бордман заявіла, што ў пазове ня згадваецца ўказ Трампа, таму яна ня можа яго заблякаваць, хоць у мінулым годзе яна загадала прыпыніць дзеяньне падобнага прэзыдэнцкага ўказу, накіраванага га тое, каб абмежаваць турызм для нараджэньня дзяцей.

У свой першы дзень на пасадзе, 20 студзеня 2025 года, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб спыненьні аўтаматычнага атрыманьня грамадзянства ЗША па нараджэньні. Аднак 30 чэрвеня 2026 года Вярхоўны суд прызнаў яго незаконным.

1 верасьня Камітэт па наглядзе Кангрэса ЗША правядзе слуханьні на тэму «Абарона грамадзянства ЗША: супрацьдзеяньне родаваму турызму».

Новая стратэгія адміністрацыі ЗША

Раней Дзяржаўны дэпартамэнт апублікаваў падрабязнасьці сваёй стратэгіі барацьбы з родавым турызмам у ЗША. У ведамстве палумачылі, што плянуюць выкарыстоўваць «усе магчымыя сродкі», каб гарантаваць, што неіміграцыйныя візы выдаюцца выключна па прызначэньні і не выкарыстоўваюцца для родавага турызму.

Каб перадухіліць паездкі цяжарных грамадзянак іншых краін у ЗША, каб іх дзеці маглі атрымаць грамадзянства ЗША па нараджэньні, урад стварыў рабочую групу — Рабочую групу па перадухіленьні родавага турызму (Birth Tourism Prevention Task Force).

Дзяржаўны дэпартамэнт заявіў, што рабочая група «прааналізуе дзеяньні атрымальнікаў віз па ўсім сьвеце, каб выявіць выпадкі родавага турызму, прыняць меры па ануляваньні віз тых, хто займаецца ім або спрыяе яму, і ліквідаваць сеткі, якія атрымліваюць прыбытак ад гэтага злоўжываньня».

Урад ЗША таксама сьцьвярджае, што турызм родаў стаў прыбытковай галіной, дзе «пасярэднікі часам рэклямуюць сябе як акушэркі або абаронцы здароўя, адкрыта рэклямуючы „роды ў Злучаных Штатах“, кансультацыі па атрыманьні візы і арганізацыі знаходжаньня ў шпіталі», а «некаторыя фальсыфікуюць мэдыцынскія запісы або кансультуюць кліентаў, каб схаваць сапраўдную мэту іх паездкі і пазьбегнуць аплаты рахункаў за бальніцу, выкарыстоўваючы інтэрнэт-маркетынг, які абяцае кліентам „аўтаматычнае грамадзянства“ і „будучыню бяз межаў“.

„Грамадзянства ЗША не прадаецца“. Але складаныя сеткі турызму для нараджэньня атрымліваюць прыбытак ад эксплуатацыі амэрыканскіх законаў — яны навучаюць замежнікаў абыходзіць візавую сыстэму ЗША, арганізоўваюць паездкі і жыльлё, і нават падробліваюць дакумэнты, усё для таго, каб замежныя грамадзяне маглі атрымаць грамадзянства для сваіх дзяцей», — напісаў дзяржаўны сакратар Марка Рубіё на X.

Ён паведаміў, што за адзін месяц гэтая апэратыўная група прыняла меры па ануляваньні больш чым 600 віз замежных грамадзян па ўсім сьвеце.

У канцы жніўня Дзяржаўны дэпартамэнт паведаміў, што ён ануляваў амаль 900 віз, зьвязаных з турызмам для нараджэньня.

Чаму гэта важна

Згодна з 14-й папраўкай да Канстытуцыі ЗША, амэрыканскае грамадзянства гарантаванае любому дзіцяці, народжанаму ў краіне.

Падарожжа ў Злучаныя Штаты падчас цяжарнасьці само па сабе не зьяўляецца незаконным. Юрыдычнае пытаньне заключаецца ў асноўнай мэце падарожніцы і ў тым, ці сапраўды яна пра яе кажа.

У цяперашні час амаль кожнае дзіця, народжанае ў Злучаных Штатах, незалежна ад грамадзянства бацькоў, атрымлівае амэрыканскае грамадзянства. Выключэньні складаюць, у прыватнасьці, дзеці, народжаныя ў Злучаных Штатах ад замежных дыпляматаў, і некаторыя асаблівыя выпадкі.

Афіцыйных дакумэнтаў аб колькасьці замежнікаў, якія прыяжджаюць у Злучаныя Штаты, каб нарадзіць дзяцей і атрымаць для іх грамадзянства, або аб выдатках для падаткаплацельшчыкаў, няма адзначае Reuters.

Цэнтар дасьледаваньняў іміграцыі (Center for Immigration Studies) у сваім аналізе за 2020 год падлічыў, што ад 20 000 да 25 000 жанчын прыехалі ў Злучаныя Штаты з мэтай родавага турызму ў пэрыяд з 2016 па 2017 год. У 2025 годзе ў Злучаных Штатах было зарэгістравана 3,6 мільёна родаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG