Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму ваяру Міраславу Лазоўскаму пасьмяротна прысвоілі званьне ганаровага грамадзяніна Роўна

Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота
Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота

13 жніўня дэпутаты Ровенскай гарадзкой рады пасьмяротна надалі званьне «Ганаровы грамадзянін Роўна» 201 абаронцу Ўкраіны. І сярод іх — беларусу Міраславу Лазоўскаму.

Цяпер на старонцы ганаровых грамадзян Роўна Міраслаў Лазоўскі — у сьпісе пад нумарам 655.

«Лазоўскі Міраслаў Уладзіміравіч — грамадзянін Украіны, які загінуў, абараняючы незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў расейска-ўкраінскай вайне, непасрэдна ўдзельнічаў у захадах дзеля забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі і абароны, адпору і стрымліваньня ўзброенай агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца пра яго.

У студзені 2024 году Ровенская рада пастанавіла надаць імя Міраслава Лазоўскага адной з новых вуліц на ўскраіне гораду.

Хто такі Міраслаў Лазоўскі

Міраслаў «Мыш» Лазоўскі
Міраслаў «Мыш» Лазоўскі

Міраслаў Лазоўскі — адзін з заснавальнікаў «Белага легіёну», распаўсюднік кніг.

Лазоўскі меў у палку імя Каліноўскага пазыўны «Мыш». Пабрацімы расказвалі, што Міраслаў пасьля сьмерці Паўла «Волата» Суслава і Івана «Брэста» Марчука быў адным з найбольшых аўтарытэтаў сярод ваяроў, пры гэтым не імкнучыся да нейкіх пасадаў. Нават калі «Мышу» прапаноўвалі чымсьці камандаваць, то ён адмахваўся і казаў, што ня мае адпаведнай адукацыі. Былы камандзір Лазоўскага Васіль «Пацук» Верамейчык казаў, што Міраславам рухала жаданьне рабіць справу, а не праслаўляць сябе.

У вольны час Лазоўскі шмат чытаў літаратуры аб вайне, зброі, аб тым, як працуюць арміі розных краін. Ён увесь час займаўся самаадукацыяй. Нягледзячы на ўзрост, хадзіў на заданьні нароўні з 20-гадовымі хлопцамі.

Міраслаў Лазоўскі загінуў 16 траўня ў Бахмуце. Гэта былі апошнія дні абароны гораду. «Мыш» кіраваў эвакуацыяй групы батальёну «Волат», якая трапіла ў пастку ў адным з дамоў. Па будынку, дзе хаваліся беларускія ваяры, нанесла ўдар расейская артылерыя. У выніку ў тым доме загінулі адразу чацьвёра, яшчэ чацьвярых, у тым ліку кіраўніка «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, дзякуючы дзеяньням Лазоўскага атрымалася выратаваць.

Лазоўскі прыкрываў эвакуацыю, ішоў апошнім. На сабе ён таксама нёс зброю палеглых пабрацімаў. Міраслаў не пасьпеў дайсьці да схованкі некалькі дзясяткаў мэтраў. Яго цела змаглі забраць, разьвітаньне адбывалася ў Кіеве. А вось целы чацьвярых ваяроў, якія засталіся ў доме ў Бахмуце, дастаць так і не змаглі.

Ён не афішаваў таго, што ён знаходзіцца на вайне. Многія дазналіся пра гэта, толькі калі Міраслаў загінуў, хоць ваяваў ён зь першых дзён.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG