Сёлета прэміяй ўганараваныя мастачка і паэтэса Натальля Бордак (Наталка Хвоя), фальклярыст і грамадзкі дзяяч Алесь Лозка, рэдактар «Рэгіянальнай газэты», былы палітвязень Аляксандар Манцэвіч, пэдагог, аўтарка адукацыйных мэтодык Соф’я Савелава, гісторык і рэдактар Аляксандар Смалянчук, журналістка і праваабаронца Тамара Шчапёткіна.
Прозьвішчы яшчэ трох ляўрэатаў прэміі «Голас пакаленьня свабоды 2026» публічна на названыя, што дазваляецца ўмовамі конкурсу, якія пачалі дзейнічаць сёлета.
«Рады за нашых суайчыньнікаў, якія так шмат зрабілі для Беларусі, каб голас беларусаў быў чутны ў сьвеце. Рады, што іхная няўтомная, ахвярная праца на карысьць Бацькаўшчыны працягваецца. Удзячны, што ёсьць магчымасьць ушанаваць іх. Рады пажадаць здароўя і творчых посьпехаў! Усе мы разам ідзём да Беларусі!», — вітаў ляўрэатаў прэміі праваабаронца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Што трэба ведаць аб прэміі
Прэмію «Голас пакаленьня свабоды» заснаваў у 2025 годзе Беларускі ПЭН у партнэрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клюбам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Ўсходняй Эўропы». У 2026 годзе да партнэраў прэміі далучыўся Фонд Алеся Бяляцкага.
Прэмія прызначаная для выбітных асобаў узростам 65+, якія пасьля 2020 году былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі ад перасьледу і працягваюць працу ў эміграцыі ў Польшчы, Літве і Чэхіі. Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч эўра) і публікацыю матэрыялаў пра ляўрэатаў у зборніку.
Прэзэнтацыя зборніку «Голас пакаленьня свабоды» за 2026 год адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску (Польшча), у Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці (plac Solidarności, 1).
У 2025 годзе прэміяй «Голас пакаленьня свабоды» сярод 18 чалавек былі ўганараваныя супрацоўнікі Беларускай службы Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Алег Грузьдзіловіч.
Кнігу «Голас пакаленьня свабоды» можна прачытаць тут альбо замовіць тут.