Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Глушкова пасьля выхаду на волю шпіталізавалі з трафічнай язвай

Журналіст-фрылансэр Яўген Глушкоў, архіўнае фота 2018 году
Журналіст-фрылансэр Яўген Глушкоў, архіўнае фота 2018 году

Выйшаў на волю палітвязень, магілёўскі журналіст Яўген Глушкоў. Ён мае праблемы здароўя.

Магілёўскі журналіст і відэаапэратар Яўген Глушкоў выйшаў на волю і быў шпіталізаваны з трафічнай язвай, піша @pozirkonline.

Трафічная язва — гэта рана на скуры або сьлізістай абалонцы, якая доўга не загойваецца. Яна ўзьнікае ад дрэннага кровазвароту, парушэньня руху лімфы ці праблемаў з нэрвамі. Часьцей за ўсё такія раны зьяўляюцца на нагах пры варыкозным пашырэньні венаў або дыябэце.

Журналіста Яўгена Глушкова затрымалі ў студзені 2024 году. 31 ліпеня 2024 году яго асудзілі на тры гады калёніі й аштрафавалі на 200 базавых велічыняў. Пакараньне палітвязень адбываў у калёніі № 2 у Бабруйску і ў магілёўскай турме № 4.

Яўгену Глушкову 57 гадоў. Ён шмат гадоў працаваў на магілёўскай гарадзкой тэлевізіі, на пачатку 2000‑х супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.

Як затрымалі і судзілі Яўгена Глушкова

Магілёўцаў журналіста Яўгена Глушкова і блогера Алеся Сабалеўскага судзілі разам. У Магілёве Сабалеўскі вядомы як журналіст, які да 2020 году супрацоўнічаў з гарадзкімі онлайн-выданьнямі.

Абодвух абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, сярод якіх «удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавай» (частка 1 артыкулу 361-3 КК), а таксама ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), паведамляў праваабарончы рэсурс Mayday Team.

Алеся Сабалеўскага затрымалі ў сьнежні 2023 году, Яўгена Глушкова — у пачатку студзеня 2024 году. Справу Алеся Глушкова і Алеся Сабалеўскага разглядалі ў Магілёўскім абласным судзе.

Перад арыштам абодва адышлі ад журналісцкай дзейнасьці, але ўсё адно трапілі пад перасьлед.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG