Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Беларусі больш за 10 гадоў ня можа дабіцца кампэнсацыі ўрону ад расейца, які незаконна забіў зубра

Беларускі зубар. Архіўнае фота
Беларускі зубар. Архіўнае фота

Суд Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці ўхваліў рашэньне аб спагнаньні больш за 162 тысяч рублёў з грамадзяніна Расеі, які ў сьнежні 2015 году незаконна забіў зубра падчас паляўнічага туру ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».

Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі, суд таксама абавязаў расейца сплаціць больш за 8,1 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны ў даход дзяржавы.

Што папярэднічала

У канцы 2015 году петрыкаўскія сілавікі завялі крымінальную справу супраць грамадзяніна Расеі за забітага зубра — у ягонай паляўнічай пуцёўцы, што звычайна атрымліваюць іншаземцы для паляваньня ў Беларусі, не была пазначана магчымасьць паляваць на гэтую жывёлу.

Справу завялі паводле ч.4 артыкулу 282 Крымінальнага кодэксу Беларусі — незаконнае паляваньне, у выніку якога нанесены ўрон у асабліва вялікім памеры.

У студзені 2016 году году пракурор Петрыкаўскага раёну заявіў пазоў аб спагнаньні кампэнсацыі ў памеры, эквівалентным 80 тысячам эўра.

У красавіку 2017 году Генэральная пракуратура Беларусі, абапіраючыся на Канвэнцыю аб прававой дапамозе і прававых дачыненьнях, накіравала крымінальную справу для расьсьледаваньня ў Расею. Але ў 2020 годзе расейская пракуратура закрыла справу ў сувязі з заканчэньнем тэрмінаў крымінальнага перасьледу.

У 2021 годзе пракурор Петрыкаўскага раёну зьвярнуўся ў суд па прымусовае спагнаньне кампэнсацыі ўрону. Абвінавачанага праінфармавалі ад часе і месцы разгляду адміністрацыйнай справы, але ён не зьявіўся і накіраваў пісьмовы адказ, у якім заявіў, што нязгодны з заяўленымі беларускай пракуратурай патрабаваньнямі.

Адзначаецца, што судовае рашэньне яшчэ не набыла юрыдычную моц. Выданьне таксама не згадвае, ці тлумачылі ў пракуратуры і судзе, якім чынам будуць дабівацца спагнаньня гэтых сродкаў.

Чаму гэта важна

У Беларусі налічваецца больш за 2 700 зуброў — гэта прыблізна траціна ад усясьветнага ліку. Паляваньне на іх дазволена, але строга абмежавана. Улады дазваляюць адстрэльваць толькі жывёл з рэзэрвовага генафонду — хворых, старых ці траўміраваных асобінаў.

Для грамадзян Эўразійскага эканамічнага саюзу кошт ліцэнзіі на нетрафэйнага зубра складае прыблізна 7 тысяч рублёў, а трафэйнага — 10 тысяч. Для грамадзян іншых дзяржаў кошт можа быць вышэйшы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG