Дата дня
19 жніўня 1991 году ў Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту ў СССР: змоўнікі (так званы ГКЧП) ізалявалі прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова ў Фаросе, абвясьцілі яго няздольным выконваць абавязкі «па стане здароўя» і заявілі аб увядзеньні надзвычайнага становішча.
У Менску дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі заяву з асуджэньнем путчу, патрабаваньнем склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету. Увечары на плошчы перад Домам ураду Беларускі Народны Фронт правёў мітынг пратэсту.
Таксама ў гэты дзень
1430 — сарваная каранацыя Вітаўта. Не пазьней за 19 жніўня атрад польскага шляхціча Яна Чарнкоўскага перахапіў і абрабаваў паслоў рымскага караля Жыгімонта Люксэмбурскага, якія везьлі Вітаўту дакумэнты для каранацыі. Іншая дэлегацыя, з каронай Вітаўта і ягонай жонкі Юльяны, празь перакрытыя палякамі шляхі так і ня выехала з Франкфурту-на-Одэры. Каранацыю, прызначаную на 8 верасьня, перанесьлі на 29 верасьня, але і яна не адбылася. А 27 кастрычніка Вітаўт памёр.
1562 — пад Невелем атрад пад камандаваньнем польскага ротмістра Станіслава Лесьнявольскага адбіў атаку значна большага маскоўскага войска Андрэя Курбскага і нанёс яму значныя страты.
1925 — у Вільні пачалі выдаваць газэту «Жыцьцё Беларуса». Першая газэта, што выдавалася ад імя БСРГ.
1989 — прэзыдэнт Польшчы Войцех Ярузэльскі даручыў сябру «Салідарнасьці» Тадэвушу Мазавецкаму сфармаваць урад.
У гэты дзень нарадзіліся
1831 — Зыгмунт Чаховіч, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–64, паплечнік Кастуся Каліноўскага.
1883 — Габрыэль «Како» Шанэль, француская кутур’е і заканадаўца моды.
1912 — Барыс Мікуліч, беларускі пісьменьнік, вязень ГУЛАГу.
1946 — Віктар Гардзей, паэт і празаік.
1969 — Альгерд Невяроўскі, журналіст, працаваў у тым ліку і на Радыё Свабода.
У памяці
1506 — Аляксандар Ягелончык, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.
1662 — Блез Паскаль, францускі навуковец.
1929 — Сяргей Дзягілеў, расейскі мастацкі і тэатральны дзеяч.
1936 — Фэдэрыка Гарсія Лёрка, гішпанскі паэт і драматург.
1977 — Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.
2017 — Алеся Фурс, удзельніца паваеннага антысавецкага Супраціву, зьняволеная ГУЛАГу, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
2020 — у шпіталі памёр Генадзь Шутаў, трэцяя афіцыйна прызнаная ахвяра пры задушэньні пратэстаў 9—12 жніўня. Яму выстраліў у патыліцу адзін зь сілавікоў. Нягледзячы на гібель, яго асудзілі за супраціў з ужываньнем гвалту і прызналі вінаватым без прызначэньня пакараньня.