Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства прыроды хоча абмежаваць лічбу наведнікаў заказьніка пад Слаўгарадам

«Блакітная крыніца» ў Слаўгарадзкім заказьніку
«Блакітная крыніца» ў Слаўгарадзкім заказьніку

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект пастановы, што рэгулюе рэкрэацыйную нагрузку і выкарыстаньне прыродных аб’ектаў на тэрыторыі заказьніка «Слаўгарадзкі» і помніка прыроды «Блакітная крыніца».

Праект нарматыўнага акту накіраваны на прадухіленьне заняпаду ўнікальных прыродных комплексаў, — паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Згодна з вынесенымі на абмеркаваньне дакумэнтамі, для помніка прыроды «Блакітная крыніца» устанаўліваецца сэзонная нагрузка ў памеры ня больш як 600 наведнікаў у дзень.

У час правядзеньня масавых сьвятаў і фэстываляў агульная дзённая наведвальнасьць тэрыторыі не павінна перавышаць 5 тысяч чалавек, пры гэтым адначасна быць каля гідралягічнага аб’екту змогуць ня больш як 600 чалавек, піша «Зялёны партал».

Для тэрыторыі рэспубліканскага водна-балотнага заказьніка «Слаўгарадзкі» прапануюць увесьці гранічна дапушчальны нарматыў рэкрэацыйнай нагрузкі ў 2660 чалавек адначасна. Абавязковая ўмова — раўнамернае разьмеркаваньне людзей па тэрыторыі заказьніка.

Заўвагі і прапановы наконт прапанаванага праекту прымуць з 3 па 12 жніўня 2026 году ў адмысловым разьдзеле на Прававым форуме Беларусі або праз электронную пошту ведамства zakaznik@minpriroda.gov.by з паметай «Грамадзкія абмеркаваньні».

Што такое «Блакітная крыніца»?

«Блакітная крыніца» разьмешчаная ў Слаўгарадзкім раёне Магілёўскай вобласьці. Гэта шахтавая студня глыбінёй 4,5 мэтра, дзе на паверхню выходзяць падземныя воды з крэйды з глыбіні 100–200 мэтраў.

Плыня вады ўтварае ручай з выхадам 60 літраў на сэкунду (каля 5 тыс. кубамэтраў на дзень), які ўпадае ў раку Голуба (прыток Сожу).

Вада гідракарбанатна-кальцыевага тыпу валодае высокай чысьцінёй і мінэралізацыяй. У 1985 годзе аб’ект атрымаў статус гідралягічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэньня.

Што адбываецца з заказьнікамі ў Беларусі?

На гэты момант заказьніку «Слаўгарадзкі» нічога не пагражае, наадварот, праект ставіць на мэце зьніжэньне нагрузкі на яго дзеля захаваньня.

Але ўвага да гэтага заказьніка таксама можа быць нагодай зьвярнуць увагу на тыя месцы пад аховаю, якія апынуліся пад пагрозай, часта празь дзеяньні мясцовых або рэспубліканскіх ўладаў.

Напрыклад, у сьнежні 2025 году стала вядома, што Жабінкаўскі раённы выканкам аб’яднаў два батанічныя помнікі прыроды мясцовага значэньня ў адзін, але яго плошча скарацілася ў некалькі дзясяткаў разоў. Мова была пра батанічныя помнікі прыроды «Зьдзітаўскі сквэр» і «Зьдзітаўскія дубы», якія аб’ядналі ў адзін — «Зьдзітаўскія дубы».

У тым самым сьнежні Савет міністраў Беларусі пераўтварыў біялягічны заказьнік «Спораўскі» рэспубліканскага значэньня і зацьвердзіў яго новыя межы, што прывяло да скарачэньня яго плошчы з 19 384 да 19 202,54 гектара.

А ў ліпені 2025 году стала вядома аб зьмяншэньні плошчы ельніку «Калінкавіцкія» на 63,21 га — да 108,29 га, бо там ад засухі пацярпела 41,1% плошчы ельнікаў.

Губляе зялёныя плошчы ня толькі поўдзень Беларусі, вялікія праблемы назіраюцца і ў сталіцы. Журналісты падлічылі, што за апошнія 12 гадоў Менск страціў мінімум 651 гектар зялёных тэрыторыяў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG