Ігар Кліменка абараніў сваю дысэртацыю ў 2019 годзе ў Харкаўскім нацыянальным унівэрсытэце ўнутраных справаў.
Як вынікае з аналізу, які правёў сэрвіс «Плягіят і фальсыфікацыі ў навуковых працах», плягіят выявілі на 51 з 414 старонак дысэртацыі Ігара Кліменкі, што складае 12%.
Як высьветлілі аналітыкі, для дысэртацыі на тэму «Тэорыя і практыка псыхалягічнага забесьпячэньня» Ігар Кліменка выкарыстаў пяць навуковых артыкулаў аўтараў з Расеі і па адным — з Украіны і Беларусі.
Паводле аўтараў аналізу, Ігар Кліменка «сьпісаў» з навуковага артыкулу тады яшчэ асьпіранткі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (цяпер яна дацэнтка БДУ, кандыдат псыхалягічных навук. — РС) Натальлі Саўлакавай «Часавая пэрспэктыва асобы: тэарэтычны аналіз праблемы», апублікаванага ў часопісе «Философия и социальные науки» ў 2010 годзе.
Дасьледнікі адзначаюць, што гэты артыкул пазначаны ў сьпісе выкарыстаных крыніц, але ў самім тэксьце нідзе ня згадваецца. Увагу аўтараў дасьледаваньня прыцягнуў як неадпаведны пераклад на ўкраінскую мову, так і парадак абзацаў у дысэртацыі Кліменкі.
«Парадак разьмяшчэньня абзацаў і выказваньняў у дысэртацыі Кліменкі — такі самы, як і ў артыкуле Саўлакавай, што сьведчыць пра сьвядомае перапісваньне чужога тэксту», — адзначылі аналітыкі сэрвісу «Плягіят і фальсыфікацыі ў навуковых працах».
Што папярэднічала
Ва Ўкраіне грамадзкасьць пільна сочыць за навуковай дзейнасьцю прадстаўнікоў улады. Раней актывісты выявілі плягіят у дысэртацыях колішняга прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка, колішніх міністраў адукацыі Станіслава Нікалаенкі, Ліліі Грыневіч, Сяргея Шкарлета, а таксама дзейнага кіраўніка Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны Аксена Лісавога.
Што праўда, праз выяўлены плягіят пасаду страціў толькі адзін чалавек — Сяргей Шкарлет.
Ці правяраюць на плягіят у Беларусі
У Беларусі ня раз фіксаваліся выпадкі плягіяту ў акадэмічным і навуковым асяродзьдзі.
Некарэктнае выкарыстаньне навуковых крыніц выяўляюць пры дапамозе спэцыяльнай сыстэмы «Плягіят-Кантроль» — распрацоўкі БДУ і Нацыянальнай бібліятэкі.
У Беларусі за плягіят прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасьць — ад штрафу да пазбаўленьня волі на тэрмін да пяці гадоў.
Пры выяўленьні плягіяту чалавеку забараняюць на 5 гадоў паўторна абараняць навуковую дысэртацыю.
У той жа час у Беларусі не агучваюць прозьвішчы чыноўнікаў ці навукоўцаў, у якіх выявілі плягіят.
Форум