У новым пераліку засталіся і 364,2 тысячы жыхароў (скарачэньне ў 2,6 разу) і 1845 населеных пунктаў, падлічыў «Позірк».
«Аналіз вынікаў праведзенай у 2021–2025 гадах Мінпрыроды і Мінздароўя працы па абсьледаваньні забруджаных тэрыторый з адборам пробаў глебы і ацэнкай дозавых нагрузак на насельніцтва паказаў значнае паляпшэньне сытуацыі ў асобных населеных пунктах, разьмешчаных на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях», — гаворыцца ў паведамленьні.
Пастанова набудзе моц 1 студзеня. Бясплатнае харчаваньне для дзяцей, якія жывуць або навучаюцца на тэрыторыях, што раней лічыліся забруджанымі, застануцца да наступнага лета.
Сёлета ў красавіку намесьнік начальніка Дэпартамэнта па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы МНС Леанід Дзедуль заявіў, што ў 1986 годзе ў Беларусі было забруджана радыенуклідамі больш за 3500 населеных пунктаў з насельніцтвам 2,2 млн чалавек, а на 1 студзеня 2026 году — 2013 і 922 тысяч адпаведна.
Годам раней Аляксандар Лукашэнка задаўся пытаньнем на профільнай нарадзе: «Чым жа мы тады займаліся 30 гадоў, калі ў нас 900 тысяч пражываюць на забруджаных тэрыторыях?»
«Чаго вы дагэтуль называеце лічбы, якія былі 40 гадоў таму? Трэба прыводзіць (як бы гэта ні было папулярна ці непапулярна) у адпаведнасьць [з рэчаіснасьцю]», — заявіў тады ён.
Чаму гэта важна
Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна заяўляе, што небясьпека наступстваў Чарнобыльскай катастрофы перабольшаная, а на забруджаныя тэрыторыі трэба вяртаць людзей і аднаўляць там сельскагаспадарчую дзейнасьць.
У 2016-м пасьля чарговай заявы Лукашэнкі старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій адзначыла, што выдаткі на лекаваньне людзей могуць быць большымі за магчымую эканамічную выгаду.
«На жаль, цяпер мы назіраем тэндэнцыю на прыніжэньне наступстваў катастрофы на ЧАЭС: маўляў, гэта было даўно і ўжо ўсё мінула. Гэта няпраўда. Чарнобыль з намі яшчэ на многія-многія гады. А нейкія эканамічныя выгоды, якія Беларусь атрымлівае з выкарыстаньня забруджаных зямель, будуць зьнішчаныя выдаткамі на мэдыцыну», — сказала тады яна.
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў.
Форум