Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легендарнага бубнача Аляксея Санчука пасьля вызваленьня з калёніі ўдалося вывезьці зь Беларусі

Аляксей Санчук на судовым паседжаньні ў 2021 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Аляксей Санчук на судовым паседжаньні ў 2021 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік дабрачыннай ініцыятывы BELAID Андрэй Стрыжак паведаміў аб вывазе ў бясьпечную краіну бубнача Аляксея Санчука і ягонай сям’і.

«Аляксей — удзельнік групы бубначоў, якія трымалі рытм падчас маршаў у 2020 годзе. Сілавікі вырашылі, што ён адзін з арганізатараў, і ўлупілі яму шэсьць гадоў. На сёньня тэрмін, што цалкам адсядзеў Аляксей, самы доўгі для палітвязьня, які апынуўся на волі», — паведаміў Андрэй Стрыжак на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яго, пасьля вызваленьня Аляксея зьбіраліся паставіць пад прэвэнтыўны нагляд. «Гэта амаль такі ж жорсткі рэжым, як „хатняя хімія“. То бок працяг пакараньня. Таму сям’я зьвярнулася да каманды эвакуацыі і была пасьпяхова вывезеная ў бясьпечную краіну», — дадаў Стрыжак.

Андрэй Стрыжак паведаміў, што незалежная каманда эвакуацыі ProEvac абвясьціла збор на дапамогу сям’і Аляксея Санчука.

У Беларусі за кратамі паводле палітычных матываў — да 150 дзеячоў культуры

З 2020 году ў Беларусі рэпрэсавалі дзясяткі тысяч чалавек, сярод іх сотні культурных дзеячаў і творцаў. Затрымліваць музыкаў і дыджэяў пачалі яшчэ да выбараў, многіх саджалі на «содні» за ўдзел у вулічных канцэртах і дваровых чаяваньнях.

Зараз у зьняволеньні з палітычных прычынаў трымаюць сама меней 147 дзеячоў культуры (паводле зьвестак Беларускага ПЭН на 15 лютага 2026 году).

Найбольшыя тэрміны прысудзілі музыкам гурту Tor Band, які займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія іхныя песьні сталі гітамі зь мільёнам праглядаў: «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».

Музыкі Tor Band Зьміцер Галавач, Яўген Бурло, Андрэй Ярэмчык асуджаныя на тэрміны ад 7 гадоў і 6 месяцаў да 9 гадоў калёніі за музыку, якую ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай». Сам гурт таксама прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».

У 2021 годзе бубнача Аляксея Санчука асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Удзельнік «Крамбамбулі» і іншых гуртоў Улад Плюшчаў атрымаў 3 гады няволі.

Многія музыкі ўжо адседзелі свае тэрміны і выйшлі на свабоду. Да прыкладу, заснавальнікі гурту Irdorath Уладзімер і Надзея Калачы, Пётра і Юлія Марчанкі адбылі ў калёніі па 2 гады зьняволеньня і зьехалі ў Нямеччыну. Траплялі за краты і ўдзельнікі «Эўравізіі» з гурту Litesound браты Каракіны. Вядомы беларускі сьпявак Іван Вабішчэвіч («Дзядзя Ваня») адбывае «хатнюю хімію».

Вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі вядомыя беларускія «зоркі» Лявон Вольскі, Уладзімер Пугач, Юры Стыльскі, Уладзіслаў Наважылаў, Піт Паўлаў ды іншыя.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG