Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасярэднікі заявілі, што Ізраіль пагадзіўся спыніць удары па сэктары Газа

Сэктар Газа, 26 сакавіка 2026 года
Сэктар Газа, 26 сакавіка 2026 года

Прадстаўнікі краінаў-пасярэднікаў паведамілі кіраўніцтву групоўкі ХАМАС, што Ізраіль пагадзіўся спыніць удары па сэктары Газа з 2 жніўня.

Пра гэта са спасылкай на прадстаўніка ХАМАС паведаміла саудаўская газэта Asharq Al-Awsat. ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, Ізраілі і Эўрапейскім Зьвязе.

Паводле прадстаўніка ХАМАС, пасярэднікі паведамілі, што Ізраіль пагадзіўся цалкам спыніць «напады, авіяцыйныя і артылерыйскія абстрэлы, а таксама разбурэньні». У ХАМАС таксама сьцьвярджаюць, што гэтае рашэньне ўжо перадалі «Радзе міру» – структуры, створанай паводле ініцыятывы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа для каардынацыі перамоўнага працэсу.

Крыніца выданьня, знаёмая з ходам перамоваў, паведаміла, што пасярэднікі і ХАМАС чакаюць афіцыйнага адказу ізраільскага ўраду пасьля пасяджэньня кабінэту міністраў, прызначанага на 3 жніўня.

31 ліпеня «Рада міру» апублікавала ўзгодненую з ХАМАС і іншымі палестынскімі групоўкамі дарожную мапу ўрэгуляваньня сытуацыі ў сэктары Газа. Яна прадугледжвае паэтапнае раззбраеньне палестынскіх узброеных груповак, вывад ізраільскіх войскаў і перадачу кіраваньня сэктарам Палестынскай аўтаноміі.

Ізраіль, са свайго боку, настойвае на поўным зьнішчэньні зброі і тунэляў ХАМАС, а таксама на захаваньні свабоды дзеяньняў Арміі абароны Ізраілю ў Газе да завяршэньня дэмілітарызацыі.

Нягледзячы на заявы пасярэднікаў, баявыя дзеяньні працягваюцца. Паводле палестынскіх крыніцаў, 2 жніўня ізраільскія войскі зноў наносілі ўдары па сэктары Газа, у выніку якіх загінулі мірныя жыхары. Армія абароны Ізраілю паведаміла пра ліквідацыю двух камандзіраў ХАМАС, у тым ліку аднаго з удзельнікаў нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG