Ланяў прывезьлі з Капыльскага раёну ў сьнежні 2025 году. Вальер знаходзіцца прыкладна за 16 кілямэтраў ад Любані. За час ператрымкі жывёлы адаптаваліся да мясцовага клімату і навакольнага асяродзьдзя, што, паводле прадстаўнікоў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, павінна палегчыць іх пераход да самастойнага жыцьця.
Каб зьменшыць стрэс для жывёлаў, спэцыялісты выкарысталі так званы «ціхі выпуск». Частку агароджы разабралі без лішняга шуму, пасьля чаго лані самі пакінулі вальер і выйшлі ў натуральнае асяродзьдзе.
Эўрапейская лань — сваяк высакароднага аленя і казулі. Яна меншая за аленя, але буйнейшая за казулю. Самцоў лёгка пазнаць па шырокіх лапатападобных рагах, а летам поўсьць жывёлаў мае характэрныя белыя плямы. У Беларусі гэты від сустракаецца параўнальна рэдка: устойлівыя папуляцыі ёсьць толькі ў асобных гаспадарках і рэгіёнах, хоць у Чырвоную кнігу краіны лань не занесеная.
Пасьля выпуску жывёлы, як чакаецца, яшчэ некалькі дзён будуць трымацца паблізу знаёмай тэрыторыі. Для іх ужо падрыхтавалі падкормку, усталявалі кармушкі і саланцы, а таксама забясьпечылі доступ да вады. Спэцыялісты спадзяюцца, што гэта дапаможа ланям хутчэй адаптавацца і замацавацца ў дзікай прыродзе.
Форум