Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Міхала Валовіча, гадавіна бітвы войскаў ВКЛ пад Слонімам

Паўстанцы Міхал Валовіч (зьлева) і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі
Паўстанцы Міхал Валовіч (зьлева) і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі

Падзеі 2 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Даты дня

2 жніўня 1833 году быў павешаны Міхал Валовіч — філярэт, філямат, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадоў, камандзір партызанскага аддзелу ў 1833 годзе. Валовіча пакаралі сьмерцю на шыбеніцы ў Горадні на загад губэрнатара Мураўёва-вешальніка. Яму споўнілася толькі 27 гадоў.

2 жніўня 1840 году ўказам расейскага імпэратара спынена дзеяньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Віленскай, Горадзенскай і Менскай губэрняў.

Таксама ў гэты дзень

216 да н.э. — картагенскі вайскавод Ганібал пры Канах нанёс рымлянам найцяжэйшую паразу за ўсю гісторыю Рыму.

1776 — адбылася цырымонія падпісаньня Дэклярацыі незалежнасьці, прынятай 4 ліпеня Кантынэнтальным кангрэсам, якая абвясьціла аддзяленьне 13 паўночнаамэрыканскіх калёніяў ад Вялікай Брытаніі.

1794 — Бітва пад Слонімам. Войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам Караля Серакоўскага перамаглі расейцаў.

1802 — шляхам плебісцыту Напалеон прызначаны пажыцьцёвым консулам Францыі.

Магіла Напалеона ў Доме інвалідаў, Парыж
Магіла Напалеона ў Доме інвалідаў, Парыж

1919 — у Вільні Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Горадзеншчыны стварыла Беларускую вайсковую камісію — орган фармаваньня беларускіх частак у войску міжваеннай Польшчы.

1934 — пасьля сьмерці райхспрэзыдента Паўля Гіндэнбурга ў Нямеччыне абвешчаны рэфэрэндум у пытаньні аб’яднаньня пасадаў райхспрэзыдента і райхсканцлера, у выніку якога Адольф Гітлер быў абвешчаны фюрэрам Нямеччыны.

1945 — скончылася Потсдамская канфэрэнцыя лідэраў антыгітлераўскай кааліцыі. ЗША прадстаўляў Гары Трумэн, СССР — Ёсіф Сталін, а Вялікую Брытанію спачатку Ўінстан Чэрчыль, якога пасьля паразы на выбарах у ліпені замяніў Клемэнт Этлі. Удзельнікі вызначылі прынцыпы акупацыі, дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Нямеччыны, абмеркавалі рэпарацыі і пасьляваенныя межы.

Іосіф Сталін і Гары Трумэн падчас Потсдамскай канфэрэнцыі, 1945
Іосіф Сталін і Гары Трумэн падчас Потсдамскай канфэрэнцыі, 1945

1990 — уварваньне Іраку ў Кувэйт.

У гэты дзень нарадзіліся

1549Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка», дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, падарожнік.

Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка»
Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка»

1923Шымон Пэрэс, ізраільскі палітык і дзяржаўны дзяяч, 9-ы прэзыдэнт Ізраілю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 1994 год, ураджэнец Беларусі.

Радзіма Шымона Пэрэса ў вёсцы Вішнева
Радзіма Шымона Пэрэса ў вёсцы Вішнева

У памяці

1589 Генрык Валезы, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1719 Караль Станіслаў Радзівіл, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, канцлер ВКЛ.

Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»
Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»

1899Ян Эдвард Ваньковіч, удзельнік паўстаньня 1863 году.

1922 Аляксандар Бэл, амэрыканскі навуковец, вынаходнік тэлефона.

1953 Сяргей Скандракоў, беларускі навуковец-аграном, публіцыст, журналіст і адзін з арганізатараў краязнаўчага руху. У 1930 годзе яго арыштавалі ў сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пакараньне ён адбываў у Яраслаўлі. Пасьля датэрміновага вызваленьня ў 1934 годзе працаваў на навуковых і выкладніцкіх пасадах у Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбэ, Алма-Аце і Карагандзе. У 1957 годзе Скандракова пасьмяротна рэабілітавалі.

2025Людміла Бакуновіч, дзяячка беларускай старой эміграцыі. Яна разам з дзедам і бабуляю, бацькамі і братамі эмігравала ў 1944 годзе, а ў 1948 годзе пераехала ў ЗША. Яе дзед — праваслаўны сьвятар Сьцяпан Войтанка быў першым святаром у беларускай царкве ў Гайлэнд-Парку. Сама яна ў 1970-я ліставалася з Ларысай Геніюш. Гэтыя лісты друкаваў альманах «Асоба і час» (№ 3, 2010).


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG