Як адзначылі ў офісе, адказваючы на запыт Украінскай службы Радыё Свабоды, зварот цяпер знаходзіцца на разглядзе, пасьля яго апрацоўкі «заяўнікам будзе паведамлена ў адпаведнасьці з працэдурай, устаноўленай заканадаўствам».
Арганізацыя Беларускі дэмакратычны форум (кіраўнік Валер Цапкала) патлумачыла, што імя Лукашэнкі і просьба даць прававую ацэнку ягоным дзеяньням у падтрымцы расейскай агрэсіі зьмяшчалася ў тэксьце іхнага звароту ў адміністрацыю ўкраінскага прэзыдэнта. Прадстаўнік Беларускага дэмакратычнага форуму, палітоляг Дзьмітры Балкунец у праграме «ПіК Свабоды» патлумачыў, чаму такі зварот быў накіраваны менавіта цяпер.
«Пытаньне аб крымінальнай справе супраць Лукашэнкі зьявілася не ў 2026 годзе, а раней. Гэтае пытаньне ўздымалася і ў Польшчы, і нават я прыходзіў на допыты, якія рабілі польскія праваахоўнікі.
Мы зьвярнуліся да прэзыдэнта Ўкраіны, як краіны, якая пацярпела ад расейскай агрэсіі, і Лукашэнка датычны да таго, што робіць Пуцін.
Ёсьць прыклад Вэнэсуэлы, калі супраць [кіраўнкіа краіны Нікаляса] Мадура пачалі справу ў ЗША, і Злучаныя Штаты выкарысталі гэта для арышту Мадура. Чым Лукашэнка адрозьніваецца ад Мадура? Ды нічым».
Дзьмітры Балкунец таксама адказаў на пытаньне, у чым сэнс для Ўкраіны заводзіць крымінальную справу супраць Лукашэнкі, калі ёй трэба вырашаць з Лукашэнкам палітычныя пытаньні.
«Зяленскі ўжо ставіў пытаньне аб арышце Лукашэнкі. Але каб яго арыштаваць, трэба распачаць нейкую справу...
Украіна не прызнае Лукашэнку ў якасьці прэзыдэнта. Ён звычайны грамадзянін Беларусі. І Ўкраіна мае магчымасьці даставіць яго ў тым ліку на сваю тэрыторыю, каб расьсьледаваць ягоныя дзеяньні...
Што тычыцца нейкіх перамоваў Лукашэнкі з Украінай, дык трэба разумець, што Лукашэнка ня здольны дамаўляцца. Справа, якую могуць распачаць супраць яго, можа быць таксама і элемэнтам эмацыйнага ціску на Лукашэнку».
Іншае меркаваньне ў праграме выказаў эканаміст Яраслаў Раманчук, прэзыдэнт базаванага ва Ўкраіне Міжнароднага інстытуту Свабоды
«Ужо пяты год вайны. Я разумею, калі б гэтая ініцыятыва была ў 2022 годзе, бо мы разумеем, і гэта пацьверджана дакумэнтамі, што Пуцін і Лукашэнка — гэта, як кажуць, „адна сатана“. Яны напалі на Украіну, парушылі міжнароднае права. Але сёньня лёгіка ўкраінскага кіраўніцтва — зрабіць так, каб як мага менш салдатаў ваявала супраць Украіны... Таму няма сэнсу штурхаць яго яшчэ больш у пастку Крамля такім крымінальным перасьледам. Ён і так будзе на лаўцы падсудных, ён і так будзе ў Гаазе».
Палітоляг і гісторык Роза Турарбекава мяркуе што заявы пра крымінальную справу супраць Лукашэнкі — гэта палітычная ініцыятыва, каб аказаць на яго ціск.
«Стратэгія Ўкраіны — аказаньне ціску на рэжым Лукашэнкі, каб мінімізаваць яго магчымае ўцягваньне і далейшае пашырэньне ўдзелу ў вайне. А можа, нават спрыяць хаця б невялікаму скарачэньню ўдзелу Беларусі ў гэтай вайне».
Форум