Чым далей Расея ад польскай мяжы, тым бясьпечней у Польшчы. Гэты тэзіс прагучаў у спавешчаньні віцэ-прэм’ера, міністра нацыянальнай абароны краіны Ўладзіслава Касіняка-Камыша, перадае Польскае радыё.
Міністар расказаў Сэйму сьвежую інфармацыю пра расейскую ракету Х-101, якая разьбілася 30 ліпеня пад Люблінам.
У ноч зь серады на чацьвер (29/30 ліпеня) Расея правяла масаваны ўдар па Ўкраіне, і адна з расейскіх ракетаў мадэлі Х-101 парушыла паветраную прастору Польшчы. Пазьней яна ўпала на поле ў Тарнава-Калёніі ў Люблінскім ваяводзтве.
А намесьнік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык, як інфармуе RMF24, расказаў, як выглядала агульная карціна ў тую ноч.
Паводле Томчыка, у бок Польшчы ў ноч на 30 ліпеня ляцелі каля 20 расейскіх ракет. Украіна зьбіла ўсе гэтыя ракеты, апрача адной.
Пілёт УСУ, які адсочваў апошнюю ракету, разгарнуўся за 20 сэкундаў да мяжы з Польшчай. Як адзначыў Томчык, ён ня мог увайсьці ў польскую паветраную прастору, бо існавала рызыка быць зьбітым вайскоўцамі.
У тую ноч Польшча паднімала ў паветра зьнішчальнікі.
Што папярэднічала
Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга адразу ж пасьля масаванага абстрэлу, які зачапіў і Польшчу, заявіў, што гэта была расейская крылатая ракета Х-101.
Камандаваньне Паветраных сілаў УСУ раніцай 30 ліпеня паведамляла, што Расея запусьціла па Ўкраіне 61 крылатую ракету Х-101, зь якіх украінскія вайскоўцы зьбілі 54.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск быў асьцярожны. Напярэдадні на нарадзе ў Любліне пасьля падзення ракеты ён заявіў, што «пакуль усё паказвае на тое», што гэта была расейская ракета, але ўлады дачакаюцца вынікаў расьсьледаваньня.
Форум