Паводле ацэнкі брытанскага выданьня, украінскія ўдары па НПЗ вывелі з ладу больш за 30% фактычных і звыш 45% намінальных магутнасьцяў Расеі ў перапрацоўцы нафты.
Financial Times спасылаецца на зьвесткі S&P Global Energy і спадарожнікавыя здымкі найбуйнейшых расейскіх НПЗ.
Частка пацярпелых прадпрыемстваў яшчэ на рамонце.
Таксама выданьне піша пра тое, што пажары, якія палаюць на рсейскіх нафтаперапрацоўчых заводах добра відаць з космасу, гэта даводзяць спадарожнікавыя здымкі.
Журналісты Bloomberg раней высьветлілі, што аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расеі ўпалі да мінімуму больш як за два дзесяцігодзьдзі з прычыны пастаянных украінскіх удараў.
У ліпені расейскія заводы перапрацоўваюць у сярэднім 3,91 мільёна барэляў за дзень — меней было толькі ў сакавіку 2005 году. Гэта прыкладна на 1,4 мільёна барэляў за дзень ніжэй за мінулагодні ўзровень за той жа пэрыяд.
З моманту тае публікацыі ўкраінскія вайскоўцы заатакавалі яшчэ некалькі нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў Расеі.
Украінскія атакі на расейскія НПЗ
Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што «22 ліпеня далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі важныя цэлі ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях — лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай, а таксама чарговыя нафтабазы».
«Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі».
18 ліпеня ўкраінскія дроны атакавалі склады гандлёвай плятформы Wildberries у Маскоўскай і Тамбоўскай вобласьцях Расеі. Паводле зьвестак Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны, у Падмаскоўі ўзьнік пажар на плошчы 188 тыс. кв. м.
Прэзыдэнт Украіны тады заявіў, што склады выкарыстоўвалі для пастаўкі дэталяў дронаў, і назваў атакі адказам на расейскія ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны. Ён заявіў, што вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею.
У Расеі распачалі справу аб тэрарыстычным акце.
Форум