Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурора Міжнароднага крымінальнага суду Карыма Хана, які выпісаў ордэр на арышт Пуціна, зьнялі з пасады

 Карым Хан, архіўнае фота
Карым Хан, архіўнае фота

Пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) Карыма Хана абвінавачваюць у сэксуальных дамаганьнях.

Краіны-ўдзельніцы Міжнароднага крымінальнага суду прагаласавалі за адхіленьне Карыма Хана ад пасады галоўнага пракурора. Як паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на дзьве дыпляматычныя крыніцы, рашэньне падтрымалі 82 са 125 краін сябраў МКС. Якія менавіта дзяржавы прагаласавалі за адхіленьне, не ўдакладняецца.

Пазьней інфармацыю пацьвердзіў сам суд. Пракурор здзейсьніў сур’ёзную правіну і сурʼёзнае парушэньне службовых абавязкаў, гаворыцца ў заяве суда.

Прычынай сталі абвінавачаньні ў сэксуальных дамаганьнях, вылучаныя супраць Хана ў 2024 годзе. Ён іх адмаўляе. У траўні 2025 года Хан пайшоў у адпачынак, а ў чэрвені 2026 года яго паўнамоцтвы былі прыпынены да завяршэньня расьсьледаваньня.

Як паведаміла агенцтва Reuters, адвакаты Карыма Хана назвалі гэтае рашэньне незаконным і заявілі, што яно не падмацавана доказамі.

Карым Хан стаў пракурорам Міжнароднага крымінальнага суду ў 2021 годзе.

Што папярэднічала

У сакавіку 2023 году МКС на запыт Хана выдаў ордэры на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна Расеі Марыі Львовай-Бяловай паводле абвінавачваньняў у незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Расею. У лістападзе 2024 году МКС на запыт Хана выдаў ордэры на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу і былога міністра абароны Ёава Галянта паводле абвінавачаньняў у ваенных злачынствах у сэктары Газа.

30 верасьня 2024 году ўрад Літвы афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў.

«Злачынствы былі ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС)», — адзначалася на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы. Пракурор МКС Карым Хан паведаміў, што разгледзіць зварот Літвы і вырашыць, ці ёсьць падставы для пачатку расьсьледаваньня. Ён падкрэсьліў, што зварот не вядзе аўтаматычна да адкрыцьця расьсьледаваньня.

Абвінавачваньні супраць Хана сталі вядомыя ў кастрычніку 2024 году. Яго абвінавацілі ў дамаганьні да памочніцы, юрысткі з Малайзіі. Карым Хан адмаўляе абвінавачаньні. Ён сьцьвярджае, што гэта ізраільская спэцапэрацыя, накіраваная на яго дыскрэдытацыю.

У Расеі супраць Хана завялі крымінальную справу за нібыта незаконны перасьлед грамадзян Расеі. Маскоўскі гарадзкі суд завочна асудзіў яго на 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG