Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі запусцілі службу праверкі электроннага лічбавага подпісу на сапраўднасьць

Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Цяпер адмысловая праграма вызначыць, ці сапраўдны электронны подпіс на запытаным дакумэнце.

У Беларусі цяпер можна хутка, задарма і без усталяваньня складаных праграмаў пераканацца, што электронны лічбавы подпіс у дакумэнце — сапраўдны.

Такую паслугу запусьціў Нацыянальны цэнтар электронных паслугаў, паведамляе БелТА.

Праверка ЭЛП уключае некалькі этапаў. Сыстэма правярае цэласьць дакумэнту — гэта значыць, ці ня быў файл зьменены пасьля подпісу. Таксама правяраецца статус сэртыфікату: ці сапраўдны ён на момант подпісу і ці не адкліканы. Акрамя таго, служба правярае ланцужок даверу, каб пераканацца, што подпіс выдадзены акрэдытаваным пасьведчальным цэнтрам.

Служба даступная на старонцы trust.e-pasluga.by. Працуе служба на трох мовах, беларускай, ангельскай і расейскай. Трэба выбраць файл, перацягнуўшы дакумэнт у адмысловае поле або загрузіўшы праз акно выбару файлаў, і націснуць кнопку «Пачаць працэдуру праверкі». Праз імгненьне будзе бачны вынік.

Праграма падтрымлівае абодва пашыраныя фарматы подпісаў. Далучаны подпіс захоўваецца ў самым файле дакумэнту. Адасоблены подпіс месьціцца ў асобным файле (звычайна з пашырэньнем .sig) — у такім выпадку трэба загружаць абодва файлы: сам дакумэнт і файл подпісу.

У НЦЭП адзначылі, што служба падае інфармацыю пра статус подпісу ў рэжыме онлайн і носіць выключна інфармацыйны характар. Ён закліканы дапамагчы хутка выявіць патэнцыйныя рызыкі і вырашыць, ці давяраць дакумэнту.

Што гэта значыць?

Беларусь ідзе далей у тэхналягічным сэнсе. Падобныя паслугі праверкі верагоднасьці электроннага подпісу запушчаныя і ў іншых дзяржавах.

30 сьнежня 2025 году Савет міністраў выдаў пастанову, якая зацьвердзіла дзяржаўную праграму «Лічбавая Беларусь» на 2026–2030 гады.

У гэтай праграме, сярод іншага, плянавалася даць беларусам магчымасьць працаваць з ID-картай (ідэнтыфікацыя, аўтэнтыфікацыя, электронны лічбавы подпіс) з дапамогай мабільных прыладаў, а таксама праходзіць ідэнтыфікацыю і аўтэнтыфікацыю паводле біямэтрыі і ўнікальнага ідэнтыфікатара.

У канцы траўня 2026 году на зьезьдзе ЭАЭС у Астане Лукашэнка быў раззлаваны тым, што ўзгадненьне пытаньня аб электронных лічбавых подпісах у гэтай эканамічнай прасторы адклалі, не абмеркаваўшы яго ў Казахстане, як плянавалася.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG