Крымінальная справы ў дачыненьні 51-гадовага мужчыны, якога абвінавачваюць у кіраўніцтве незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыяй і экстрэмісцкім фарміраваньнем «Руская праваслаўная царква царскай імпэрыі», пасьля праверкі ў Генпракуратуры накіраваная ў суд.
Імя мужчыны, чыю справу накіравалі ў суд, не названае. Раней паведамлялася, што кіраўнік сэкты быў у вышуку.
Паводле Генпракуратры абвінавачаны ўваходзіў у склад арганізаванай групы і кіраваў рэлігійнай арганізацыяй «Руская праваслаўная царква царскай імпэрыі», якая «не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю ва ўстаноўленым парадку».
Таксама яму ставяць у віну «кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем» з аналягічнай назвай. Паводле сьледзтва, дзейнасьць фармаваньня была накіраваная на распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці.
Што вядома пра фігуранта справы
Меркаванаму кіраўніку фармаваньня 51 год. Да пачатку супрацьпраўнай дзейнасьці мужчына меў працу, жыльлё, сям’ю і выхоўваў дзяцей, зазначае Генпракуратура. Пасьля ўступленьня ў «дэструктыўную сэкту», паводле прэс-рэлізу Генпракуратры, мужчына разьвёўся, пайшоў з дому, пачаў весьці «асацыяльны лад жыцьця» і спрабаваў далучаць да супрацьпраўнай дзейнасьці іншых грамадзян.
Па выніку расьсьледаваньня яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы або варожасьці; у арганізацыі або кіраўніцтве грамадзкім абʼяднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, якія замахваюцца на асобу, правы і абавязкі грамадзян і ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзелу ў ім.
Каго ўжо судзілі па гэтай справе
Раней паводле справы «Руская праваслаўная царква Царскай Імпэрыі» ужо выносілі прысуды іншым фігурантам. Гэтак, прызнаныя судом «кіраўнікамі арганізацыі» А. Струкава, Г.Фралова, В.Байкоўская былі асуджаныя да 5 гадоў і 3 месяцаў пазбаўленьня волі. Прызнаны «актыўным удзельнікам фарміраваньня» А.Вашчанка — быў асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня.
Пра гэта стала вядома 15 траўня 2026 году з паведамленьня прэсавай службы Гэнпракуратуры аб тым, што судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду пакінула ў сіле вынесеныя гэтым грамадзянам прысуды.
Як вялася прапаганда ідэі «Трыадзінай Русі»
З паведамленьня Гэнпракуратуры стала вядома, што фігуранты справы праз Тэлеграм-канал «Дзьве масьліны» і асабістыя старонкі ў сацсетках распаўсюджвалі «ідэю стварэньня на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Ўкраіны незалежнай дзяржавы «Трыадзіная Русь» з манархічнай формай праўленьня».
Паводле Генпракуратуры прыхільнікі «Трыадзінай Русі» распаўсюджвалі ўлёткі для дыскрэдытацыі Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, распальваньня варожасьці ў дачыненьні да гаўрэяў (юдэяў) ды прадстаўнікоў іншых рэлігій.
22 жніўня 2024 года з матэрыялаў дзяржаўнай тэлевізіі стала вядома пра затрыманьне 11 удзельнікаў незаконнага фармаваньня «Руская праваслаўная царква — царская імпэрыя» (на той час фігуравала такая назва). Крымінальную справу супраць затрыманых вёў Сьледчы камітэт Беларусі, які 21 ліпеня 2025 году паведаміў аб завяршэньні расьсьледаваньня. Тады ж паведамлялася, што кіраўнік яе беларускай ячэйкі абвешчаны ў вышук.
МУС зазначала, што ў Беларусі арганізацыя дзейнічала з траўня 2023 года і налічвала каля 50 прыхільнікаў.
Чым адметная сэкта
Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што сэктанты прапаведавалі стварэньне непрызнанай дзяржавы «Трыадзіная Русь». Агітацыю вялі ў напаўразбураных хатах закінутых вёсак Горадзенскай і Віцебскай вобласьцяў, куды заваблівалі пасьлядоўнікаў.
Як вынікае з матэрыялаў справы, пад кантролем арганізатараў сэкты людзі зракаліся дакумэнтаў, сацыяльных даброт і мэдычнай дапамогі, абрывалі сувязі з навакольным сьветам, перадавалі арганізатарам сэкты грошы, каштоўную маёмасьць і нерухомасьць.
Паводле сьледзтва, аналягічныя філіі сэкты функцыянуюць у Расеі, Украіне і Малдове. У Расеі найбольш актыўна адэпты «Трыадзінай Русі» дзейнічалі ў Валгаградзкай і Разанскай вобласьцях.
Для кіраўніцтва беларускай філіі гэтай структуры прызначылі «мітрапаліта», які даваў указаньні рыхтаваць агітацыйныя матэрыялы і пісаць «малітвы», рыхтаваць публікацыі для экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў, як паведаміў СК.
Паводле зьвестак сьледчых, у Беларусі сэкта «Руская праваслаўная царква — царская імпэрыя» дзейнічала з траўня 2024 году, у ёй налічвалася каля 50 прыхільнікаў. У жніўні 2024 году МУС Беларусі паведаміў пра затрыманьне 11 актыўных прыхільнікаў сэкты.
Падчас расьсьледаваньня справы з санкцыі пракурора былі «ўзятыя пад варту 5 кіраўнікоў экстрэмісцкага фармаваньня, ім былі прад’яўлены абвінавачаньні паводле ч.1 арт.361-1 (стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваньнем); ч.2 арт.193 (арганізацыя і кіраўніцтва рэлігійнай арганізацыяй, якая замахваецца на асобу, правы і абавязкі грамадзян); ч. 3 арт. 130 (распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці і звады)».