Пра вызваленьне вядомага праўніка піша Праваабарончы цэнтар Вясна.
Аляксандра Данілевіча затрымалі 20 траўня 2022 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, адвакат нібыта заклікаў да санкцый у дачыненьні беларускага спорту і займаўся «дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнэрамі». Яму інкрымінавалі «садзейнічаньне ў закліках да мераў абмежавальнага характару» і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Юрыст сваёй віны не прызнаў і настойваў, што толькі выконваў прафэсійныя абавязкі.
Спачатку Менскі гарадзкі суд прысудзіў яго да 10 гадоў калёніі, аднак пасьля разгляду апэляцыі Вярхоўным судом тэрмін скарацілі да 6 гадоў зьняволеньня.
Пазьней Данілевіч улады дадалі ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Тэрмін Данілевіча яшчэ ня скончыўся — праваабаронцам пакуль невядома, на якой падставе былога кірўніка Фэдэрацыі рэгбі выпусьцілі на волю.
Хто такі Аляксандар Данілевіч
Аляксандар Данілевіч — пасьпяховы адвакат, які спэцыялізуецца на прадстаўленьні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камэрцыйным арбітражы.
У красавіку 2022 году Аляксандра звольнілі з прычыны ягонай грамадзянскай пазыцыі з Факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Ён працаваў там 20 гадоў. Аляксандар перастаў выходзіць на сувязь 20 траўня. Пазьней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Данілевіч падпісаў адкрыты антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеяньняў ва Ўкраіне, за гэта на яго завялі дысцыплінарную справу і звольнілі з факультэту міжнародных зносін, дзе ён працаваў больш за 20 гадоў.
Адвакат абараняў сяброў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, напрыклад, гандбольнага трэнэра Канстанціна Якаўлева; ён сам актыўна займаецца спортам — веславаньнем, роварам, рэгбі. Валодае, акрамя беларускай і расейскай, яшчэ ангельскай, францускай і італьянскай. Сацыяльныя сеткі вядзе па-беларуску. Данілевіч выступаў за свабоду беларускім журналістам, якія сталі палітзьняволенымі.
Ён аўтар разьдзелаў «Міжнароднае прыватнае права. Беларусь» і «Спартовае права. Беларусь» у Сусьветнай энцыкляпэдыі. Валодаў адвакацкім агенцтвам «Данілевіч і Валожынец».
Форум