Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: дзень народзінаў за кратамі сустракае Павал Белавус

Павал Белавус, архіўнае фота
Павал Белавус, архіўнае фота

На 22 жніўня ў зьняволеньні ў Беларусі былі як мінімум 878 палітвязьняў, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш.

Шосты раз за кратамі дзень народзінаў сустракае Павал Белавус. 22 жніўня палітвязьню споўнілася 39 гадоў.

Новай інфармацыі пра яго вельмі мала. Паводле зьвестак былых палітвязьняў, у лютым 2026 году Паўла перавялі бяз рэчаў і бязь біркі ў магілёўскую турму № 4, раней пра гэта паведаміла «Вясна».

У магілёўскай турме месьцяцца як сьледчыя камэры, так і камэры для зьняволеных, асуджаных на больш строгі, чым у калёніі, турэмны рэжым. Паводле закону перавод асуджанага з аднаго месца зьняволеньня ў іншае заўсёды адбываецца з рэчамі гэтага чалавека.

У чэрвені 2023 года КДБ унёс яго ў «сьпіс тэрарыстаў».

На волі палітвязьня чакаюць жонка і двое дзяцей.

Хто такі Павал Белавус

Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.

У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.

Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.

У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвала сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.

Ягоная крама Symbal.by працавала з 2014 году і стала адной з найбольш вядомых у справе папулярызацыі беларускай мовы і культуры. У 2020 годзе крама шыла і перадавала мэдыкам засьцерагальныя маскі, а ў 2021-м вымушана была зачыніцца пад ціскам уладаў.

Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.

Паўла Белавуса затрымалі ў лістападзе 2021 году і ў траўні 2023-га асудзілі на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сярод іншага яго пакаралі нібыта за здраду дзяржаве.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG