Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікай Брытаніі новым прэм’ерам ад партыі лейбарыстаў стаў Эндзі Бэрнэм

Новы прэмʼер Вялікай Брытаніі Эндзі Бэрнэм падчас аўдыенцыі ў караля Карла III. Лёндан, 20 ліпеня 2026
Новы прэмʼер Вялікай Брытаніі Эндзі Бэрнэм падчас аўдыенцыі ў караля Карла III. Лёндан, 20 ліпеня 2026

Кароль Вялікабрытаніі Карл III у панядзелак прызначыў Эндзі Бэрнэма прэмʼер-міністрам пасьля таго, як Кір Стармэр афіцыйна падаў у адстаўку.

Кір Стармэр 20 ліпеня абвясьціў аб заканчэньні сваёй працы на пасадзе прэмʼера-міністра Вялікай Брытаніі і выступіў з разьвітальнай прамовай.

У сваёй заяве Стармэр зьвярнуў увагу на паляпшэньне эканомікі Вялікабрытаніі і сказаў, што «цяпер Брытанія мацнейшай і справядлівейшай, чым была два гады таму».

«Перадаючы эстафэту Эндзі Бэрнэму, я жадаю яму ўсялякіх посьпехаў. Ён карыстаецца маёй поўнай падтрымкай», — сказаў Стармэр.

Лейбарысты пад кіраўніцтвам Стармэра два гады таму атрымалі пераканаўчую перамогу на выбарах.

Аднак іх папулярнасьць рэзка ўпала ад эканамічных праблемаў, росту напружанасьці, зьвязанай зь нелегальнай міграцыяй, скандалу з прызначэньнем на пасаду амбасадара ў ЗША Пітэра Мандэльсана, які выявіўся сябрам асуджанага Джэфры Эпштэйна.

Хто такі Эндзі Бэрнэм

Эндзі Бэрнэм, у мінулым дэпутат і чалец кабінэту, доўгі час заставаўся па-за Палатай грамадаў, будучы мэрам Манчэстэру. Пасьля рэзкага падзеньня папулярнасьці Стармэра і паразы лейбарыстаў на мясцовых выбарах у гэтым годзе многія лейбарысты пачалі разглядаць Бэрнэма як кандыдата на пасаду прэмʼера.

Для гэтага яму неабходна было абрацца ў Палату грамадаў, што ён і зрабіў, перамогшы на выбарах у чэрвені кандыдата ад апазыцыйнай Партыі рэформаў. Праз некалькі дзён Стармэр падаў у адстаўку, адкрыўшы шлях для таго, каб Бэрнэм стаў яго пераемнікам.

У сваім выступленьні Бэрнэм, які лічыцца прадстаўніком больш левага крыла партыі, чым Стармэр, сказаў, што хоча пакласьці канец унутрыфракцыйнай барацьбе і прызначыць у свой кабінэт прадстаўнікоў усіх фракцый партыі лейбарыстаў.

Ён адзначыў, што ключавой задачай яго кабінэту будзе ўсё большая дэцэнтралізацыя і перанос паўнамоцтваў на мясцовы ўзровень.

Новы кабінэт, як чакаецца, працягне лінію ўрада Стармэра па пытаньні падтрымкі Ўкраіны.

Politico параўноўвае Бэрнэма з Трампам: новы ангельскі прэмʼер скардзіцца на брытанскі істэблішмэнт і актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі.

Бэрнэм — вялікі футбольны заўзятар. Ён актыўны прадстаўнік супольнасьці прыхільнікаў лівэрпульскага клюбу «Эвэртан», удзельнік дзясяткаў мерапрыемстваў вакол яго, у тым ліку дабрачынных.

Ціханоўская тройчы сустракалася з Стармэрам

Сьвятлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з Стармэрам у сакавіку 2023 году, калі яго лейбарысцкая партыя знаходзілася ў апазыцыі. Тады абмяркоўвалі пытаньні санкцыяў, прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці, дапамогі дэмакратычнаму руху. У ліпені 2024 году Ціханоўская правяла перамовы з Стармэрам ужо як з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі. Яшчэ адна іх сустрэча адбылася 2 чэрвеня 2026 ў Лёндане.

Прэсавая служба ўраду Вялікай Брытаніі тады паведаміла, што прэм’ер-міністар Кір Стармэр у пачатку размовы зь Сьвятланай Ціханоўскай «падкрэсьліў падтрымку Вялікай Брытаніі свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, асудзіў пастаянныя нападкі Лукашэнкі на дэмакратыю і ўтрыманьне пад вартай палітычных зьняволеных у краіне, пацьвердзіў нязьменную падтрымку Вялікай Брытаніі выкарыстаньня санкцый для пастаяннага ціску на рэжым».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG