Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 111 гадоў з дня нараджэньня Антона Шукелойця

Антон Шукелойць выступае на 29-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, 2010 год.
Антон Шукелойць выступае на 29-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, 2010 год.

Падзеі 19 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

111 гадоў таму, 19 ліпеня 1915 году, нарадзіўся Антон Шукелойць, беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмяне першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школаў на тэрыторыі былога Ашмянскага павету.

Падчас нацысцкай акупацыі Шукелойць працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэю. З 1944 году жыў у эміграцыі. Быў актыўным удзельнікам жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Памёр 7 студзеня 2017 году.

Антон Шукелойць, Натальля Арсеньнева і Яніна Каханоўская, Нью-Ёрк, 1963
Антон Шукелойць, Натальля Арсеньнева і Яніна Каханоўская, Нью-Ёрк, 1963

Таксама ў гэты дзень

1919 — праз наступ польскіх войскаў урад ЛітБелу перадаў усе справы Менскаму губэрнскаму рэвалюцыйнаму ваеннаму камітэту, што азначала фактычны канец Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі.

1930 — па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» быў арыштаваны беларускі пісьменьнік і фальклярыст, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня Максім Гарэцкі.

Максім Гарэцкі
Максім Гарэцкі

1930 — па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» арыштаваны Фларыян Ждановіч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру, актор, рэжысэр і грамадзкі дзяяч.

1972 Пісьменьнікам Івану Мележу і Івану Шамякіну далі ганаровыя званьні Народных пісьменьнікаў Беларусі.

Іван Мележ і Іван Шамякін. 1958
Іван Мележ і Іван Шамякін. 1958

1988 — у Віцебску адкрылі летні амфітэатар, пабудаваны адмыслова для Фэстывалю польскай песьні — сымэтрычнага адказу польскай Зялёнай Гуры (пабраціма Віцебску), дзе ладзілі фэстывалі савецкай песьні. Пасьля распаду СССР гэты фармат згарнулі, і з 1992 году амфітэатар стаў месцам правядзеньня «Славянскага базару». Зялёная Гура разарвала пабрацімства зь Віцебскам у сакавіку 2022 году.

Летні амфітэатар у Віцебску
Летні амфітэатар у Віцебску

1994 — прэзыдэнтам Украіны стаў Леанід Кучма.

2024 пачаў дзейнічаць бязьвізавы рэжым ўезду у Беларусь праз наземныя пункты пропуску для грамадзян 35 эўрапейскіх краін.

У гэты дзень нарадзіліся

1869 Лявон Вітан-Дубейкаўскі, беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, паэт, галоўны ўрадавы архітэктар БНР. Адзін з заснавальнікаў беларускага мадэрну і нэаготыкі ў дойлідзтве. Аўтар паэтычных твораў. Пабудаваў цэрквы на Смаленшчыне, аднаўляў касьцёлы ў Амсьціславе, Воршы, Крычаве й Смалянах, спраектаваў цэрквы ў Відзах, Дрысьвятах і мноства іншых будынкаў на Віленшчыне. У 1917 годзе быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. Выконваў абавязкі прадстаўніка БНР у Варшаве.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі – стаіць першы зьлева
Лявон Вітан-Дубейкаўскі – стаіць першы зьлева

1893Уладзімір Маякоўскі, расейскі савецкі паэт.

Уладзімір Маякоўскі
Уладзімір Маякоўскі

1909 — пад Баранавічамі нарадзіўся Сяргей Грыцавец, савецкі лётчык-зьнішчальнік 1930-х гадоў.

1912 Аляксей Анішчык, беларускі пісьменьнік, мэмуарыст, грамадзкі дзяяч.

У памяці

1374Франчэска Петрарка, італьянскі паэт.

Франчэска Пэтрарка
Франчэска Пэтрарка

1855 Тамаш Зан, беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху.

Тамаш Зан, партрэт пяра Валенція Ваньковіча
Тамаш Зан, партрэт пяра Валенція Ваньковіча

1943 — у ГУЛАГу загінуў Сяргей Дарожны, беларускі паэт і перакладчык, грамадзкі і культурны дзяяч, сябра літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Ўзвышша».

1957 Мікола Засім, беларускі паэт.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG