Кашуля, у якой яшчэ 17-гадовы Эдсан Арантэс ду Насімэнту (Пэле) згуляў фінал першынства сьвету 1958 году і ў якой упершыню стаў чэмпіёнам, прадалі за 4,9 мільёна даляраў на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку, піша BBC.
Нягледзячы на вельмі вялікую суму, кашуля Пэле не пабіла рэкорду, які належыць кашулі аргентынца Дыега Марадоны, у якой ён правёў гол рукой у браму зборнай Ангельшчыны на першынстве сьвету 1986 году. Тую кашулю ў 2022 годзе прадалі з аўкцыёну за 7,1 мільёна фунтаў стэрлінгаў (звыш 9,5 млн даляраў).
Кашуля Пэле зь фіналу 1958 году атрымала 10 ставак ад больш як пяці прэтэндэнтаў, яна стала найкаштоўнейшым памятным прадметам Пэле, які прадалі на таргах.
Цікава, што гэтую кашулю раней ужо прадавалі, у 2004 годзе за яе заплацілі 105 600 даляраў.
Яна запаснога сіняга колеру — бразыльцы мусілі выйсьці на той фінал менавіта ў такіх, бо іхны асноўны жоўты колер мелі супернікі па фінале — швэды. Пэле загнаў два галы ў браму Швэцыі, бразыльцы перамаглі і ўпершыню ў гісторыі сталі чэмпіёнамі сьвету. Пэле дагэтуль належыць рэкорд наймаладзейшага гульца, які заганяў галы ў фінале.
Сярод іншых прадметаў, прададзеных на аўкцыёне «Прыгожая гульня», была капітанская павязка, якую насіў Дыега Марадона ў час першынства сьвету 1986 году, яе прадалі за 512 000 даляраў.
Кашулю, якую насіў Ліянэль Мэсі ў час «Барсэлёны» над «Пары Сэн-Жэрмэн» зь лікам 6:1 у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў у 2017 годзе, прадалі за 217 600 даляраў, а кашулю Дэвіда Бэкгэма зь ягонага 50-га выступу за зборную Ангельшчыны на першынстве сьвету 2002 году прадалі за 51 200 даляраў.
А што ў беларусаў?
Славутыя беларускія гульцы рэдка прадавалі свае гульнявыя строі. Яшчэ меней тых, хто выручыў за лот вялікія грошы. Найбольш каштоўнай стала кашуля Рамана Васілюка — найлепшага стральца беларускага першынства ў гісторыі.
У канцы 2023 году яе прадалі на аўкцыёне за 14 001 (каля 4,7 тысяч даляраў).
Праўда, гэта не была кашуля, зьвязаная зь нейкім спартовым дасягненьнем Васілюка ці пэўнай датай або лічбай у ягонай кар’еры. Гэта была кашуля з таварыскай гульні супраць расейскай аматарскай каманды.
Безумоўна, вядомасьць нападніка згуляла вялікую ролю ў выніковай цане кашулі. За сваю кар’еру Васілюк загнаў 218 галоў у першынстве Беларусі — больш за ўсіх. Раман 2 разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі і 3 разы заваёўваў кубак краіны.
Форум