З «гамбійскай» партыі першым пачалі карыстацца самалётам EW-548PA, потым да яго далучыўся EW-546PA. Цяпер рэгулярныя рэйсы Belavia пачаў выконваць і трэці самалёт з гэтай партыі — EW-547PA.
Самалёты прыбылі ў Беларусь у пачатку чэрвеня. Авіяцыйны рэсурс Skyliner Aviation заўважыў, што два Boeing 737-800 украінскай SkyUp Airlines і адзін SkyUp Europe у ААЭ зьмянілі рэгістрацыі на гамбійскія, пасьля чаго іх перагналі ў Менск.
Двум самалётам з партыі па 12 гадоў, трэцяму 13 гадоў. Як адзначае авіяцыйны канал «От винта», гэта яшчэ цалкам прымальны для працы век тэхнікі такога кшталту.
Фатаграфія самалёту ўжо зьявілася на JetPhotos, а зьвесткі FlightRadar24 пацьвярджаюць, што самалёт выконвае рэгулярныя рэйсы авіякампаніі. Выкананьне рэгулярных рэйсаў борт пачаў 15 ліпеня, адправіўшыся на рэйс па маршруце Менск — Тбілісі. Пасьля вяртаньня ў Менск самалёт працягнуў працу на маршруце ў Кутаісі.
У адрозьненьне ад двух папярэдніх «Боінгаў» з гэтай партыі, якія сьпярша выйшлі на лінію ў нэўтральнай белай афарбоўцы, EW-547PA адразу прыступіў да палётаў ужо ў фірмовай ліўрэі Belavia.
Такім чынам, усе тры Boeing 737-800, якія прыбылі ў Беларусь у пачатку чэрвеня, ужо ўвялі ў эксплюатацыю.
Што гэта значыць?
Нацыянальны беларускі авіяперавозьнік «Белавія» працягвае папаўняць і абнаўляць свой парк тэхнікі. Яшчэ ў лістападзе 2025 году міністар транспарту Беларусі Аляксей Ляхновіч казаў пра пляны прывезьці некалькі новых самалёт кампаніі «Боінг» пад летні сэзон. Абяцаньне выканалі.
Самалёты міжнародна вядомых кампаній Беларусь купляе праз афрыканскую дзяржаву Гамбія не ўпершыню.
Ад сьнежня 2021 году дзяржаўная авіякампанія «Белавія» знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, а з жніўня 2023 году — пад санкцыямі ЗША. Каб прыгнаць у Беларусь самалёты Airbus, выкарысталі схема абыходу санкцыяў з удзелам фірмы-«пракладкі».
4 лістапада ЗША часткова зьнялі санкцыі з «Белавія». З-пад санкцый вывелі два самалёты, якія могуць мець дачыненьне да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама верталёт кампаніі «Слаўкалій», якім Лукашэнка імаверна таксама карыстаўся. Іншыя краіны сваіх абмежаваньняў супраць беларускай авіяцыі не здымалі.
На новых самалётах заўважылі надпіс Onur Air і сінія хвасты з выявай пальмы. Гэта невыпадкова, бо пэўны час гэтыя самалёты выкарыстоўвала авіякампанія Saudi Arabian Airlines. Ад сьнежня 2023 году ўсе тры самалёты належалі гамбійскай кампаніі Magic Air. Менавіта гэтая кампанія даставіла іх у Менск.
Гамбія не падпадае пад заходнія авіяцыйныя санкцыі і ня брала на сябе ніякіх абавязаньняў што да іх выкананьня, таму гэтая краіна ёсьць зручнай юрысдыкцыяй для абыходу абмежаваньняў. Раней, напрыклад, пэўныя караблі пад сьцягам Гамбіі выкарыстоўваліся ў якасьці «ценевага флёту» для экспарту расейскай нафты ў абыход санкцыяў.
Журналісты брытанскага агенцтва Reuters, якія таксама дасьледавалі гэтую тэму, атрымалі камэнтар ад дэпартамэнту цывільнай авіяцыі Гамбіі наконт самалётаў, што аказаліся ў Менску. З словаў службоўцаў, тры самалёты Airbus A330-200 былі зьнятыя з рэгістрацыі ў Гамбіі 19 жніўня 2024 году, праз два дні пасьля прыбыцьця ў Беларусь, нібыта таму, што Magic Air прадала іх кампаніі з ААЭ. Яе назву не паведамляюць.
У эўрапейскай карпарацыі Airbus паведамілі Reuters, што строга выконваюць міжнародныя санкцыі, але ня маюць магчымасьці кантраляваць продаж ужываных самалётаў ці ўплываць на трэція краіны, якія парушаюць санкцыі.
Форум