Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Мікалай Дзядок расказаў пра апошнія дні Алеся Пушкіна ў турме

Кветкі каля фота Алеса Пушкіна на аной з акцый у Вільні.  Ілюстрацыйнае фота
Кветкі каля фота Алеса Пушкіна на аной з акцый у Вільні. Ілюстрацыйнае фота

11 ліпеня — трэцяя гадавіна сьмерці палітвязьня Алеся Пушкіна.

Былы палітвязень і журналіст Мікалай Дзядок расказаў, што з мастаком Алесем Пушкіным ён пазнаёміўся падчас «прагулкі ў дворыку» Горадзенскай турмы № 1, якую называюць «крытка».

«У Гародні дворыкі агароджаны сьценамі. Каб паразмаўляць з суседам у дворыку, ты б’еш у сьцяну, калоціш і пытаеш, хто гуляе. І аднойчы я так выйшаў зранку, гэта быў, як зараз памятаю, студзень. Я паляпаў у сьцяну, запытаў, хто гуляе, а мне кажуць: „шэсьць-шэсьць“. Я адразу першае пытаньне — палітычныя ёсьць? Кажуць, так, ёсьць. І пачынае выходзіць на сувязь чалавек. Я чую, што ён размаўляе па-беларуску. Я разумею, што гэта наш чалавек, і ён кажа: „Я — Алесь Пушкін“», — згадаў Мікалай Дзядок у адным з сваіх ранейшых стрымаў на сваім Yоutube-канале.

Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок

Палітвязень дадаў, што ён адразу з радасьцю перайшоў на беларускую мову і паразмаўляў з мастаком. Потым, паводле яго, яны яшчэ такім чынам перасякаліся падчас прагулак, а потым яшчэ два разы, калі яны сядзелі на адным паверху ў камэрах — Алесь Пушкін — у ШЫЗА, а Мікалай Дзядок — у адзіночцы.

«І вось тады мы зь ім паразмаўлялі. Яго закрылі тады, па-мойму, на 9 траўня, бо ёсьць такая „шыза“ ў адміністрацыі Горадзенскай турмы, што на 9 траўня ўсе „экстрэмісты“ мусяць сядзець. Мяне чамусьці не пасадзілі. Пасадзілі Пушкіна і яшчэ некалькіх чалавек, таму што мы ж для іх фашысты. Яму далі пяць ці сем сутак. Для Горадні гэта ўвогуле няшмат. Ён не рабіў уражаньня зломленага чалавека ці чалавека з кепскім здароўем. Казаў: „Я тут, як Браніслаў Тарашкевіч, у творчай камандзіроўцы“, а Браніслаў Тарашкевіч, гэта першы стваральнік беларускай граматыкі, сядзеў таксама ў Горадзенскай турме», — сказаў былы палітвязень.

Паводле Мікалая Дзядка, Алесь Пушкін чамусьці быў упэўнены, што яго будуць «круціць» па 411 артыкуле («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». — РС) і ніколі ня выпусьцяць.

«Размаўлялі пра рознае. Гэта чалавек творчы, своеасаблівы, і размова зь ім была такая крышачку... Праблематычна зь ім размаўляць... Так прыкра было назіраць, ён вельмі быў непрыставаны чалавек да турэмнага жыцьця. І тым ня менш, наколькі я ведаю, чуткі даходзілі, у яго ў камэры ўсё было нармальна», — сказаў былы палітвязень.

Мікалай Дзядок дадаў, што яго пераводзілі з камэры ў камэру і сядзеў Алесь Пушкін з рознымі людзьмі. У адной з камэр у яго адбылася бойка.

«Бойка была не настолькі сур’ёзная. Яна заключалася ў тым, што чалавек Пушкіну ў твар стукнуў. Я ня думаю, што там быў мусарскі замут, бо там быў чалавек такі праблемны, які з усімі канфліктаваў. Ён штурхнуў Пушкіна, і яны «разьехаліся, але што цікава, наколькі я ведаю, Пушкін паехаў не ў ШЫЗА, а паехаў толькі той чалавек. Для Горадні гэта зьяўляецца ўнікальным выпадкам. Там у іх такая палітыка, што калі ты бярэш удзел у канфлікце, нават калі цябе пяцёра чалавек білі нагамі, ты ўсё роўна вінаваты і ўсё роўна едзеш у ШЫЗА. А вось Пушкін не паехаў у ШЫЗА. Ня ведаю, гэта праява нейкай адэкватнасьці з боку мянтоў ці што», — згадаў Мікалай Дзядок.

Паводле яго, за некалькі дзён да сьмерці Алеся Пушкіна яны апынуліся ў суседніх камэрах у адзіночцы. «Ён сядзіць у камэры 87, а я сядзеў у камэры 86. Празь сьценку ён сядзіць. Я ведаю, што ён шмат маляваў для іншых зэкаў. Яму нават з іншых камэр замаўлялі малюнкі, і ўсе былі ў захапленьні ад яго мастацкага таленту. У яго там былі і алоўкі, і тачылкі, усё на сьвеце. Яму мянты далі „зялёнае“ маляваць, наколькі я ведаю», — сказаў ён.

«У адзін дзень я чую. Ранак. Езьдзіць у адзін і той жа час цялежка зь ежай. І Пушкіна „хата“ якраз ідзе перада мной, то бок ежу прывозяць спачатку яму, а потым мне. Я чую, што сьняданак вельмі моцна затрымліваецца. То бок каля яго затармазілася гэтая цялежка і ня едзе далей. І працягваецца хвіліну, дзьве, а потым чую вокліч кантралёра. „Пушкин, ты что долбанулся?“», — паведаміў Мікалай Дзядок.

Пасьля гэтага, паводле яго, пачалася мітусьня, зьбегліся супрацоўнікі турмы. «Праз пэўны час цялежка паехала далей і прыехала да мяне. Я „маякую“ Пушкіну ў сьцяну, ён не адказвае. Ён і раней не адказваў. У той жа дзень я іду на прагулку, бачу дзьверы ягонай камэры адчыненыя. І там стаіць ягоная „вата“ скручаная. Празь дзень ці два, а магчыма ў той самы дзень, яго вярнулі назад. Ён зноўку зь некім размаўляў, нібыта ўсё было нармальна. Я чуў яго голас, як ён размаўляў зь мянтамі. Пазьней я ўжо зрабіў выснову, што яго вазілі на „бальнічку“. На якую — турэмную ці яго хуткая забірала, ці вазілі некуды, я гэтага ня ведаю, але яго кудысьці вывазілі», — адзначыў ён.

Пасьля гэтага здарэньня Дзядка перавялі ў іншую камэру, але ўжо насупраць той, дзе знаходзіўся Алесь Пушкін.

«Мяне перасялілі і я чую ў адзін з дзён паўтараецца ўсё тое самае: сьняданак тармазіцца перад ягонай камэрай, і пачынаецца нейкая мітусьня. Штосьці там робіцца, кантралёр яго кліча „Пушкін, Пушкін“, але я ў дэталях ня чуў, бо ўжо крыху далей знаходзіўся. Гэта было прыблізна 6.30–6.40 раніцы. Пасьля я іду на прагулку. Камэра ягоная была яшчэ зачыненая. Я вяртаюся з прагулкі, прыблізна 9:45 — 10 гадзіна, я бачу, як насустрач мне ідзе старшыня мэдчасткі Горадзенскай турмы Луцаў. З чаго я раблю выснову, што ён хутчэй за ўсё хадзіў да Пушкіна. Я вяртаюся, дзьверы па-ранейшаму зачыненыя. І можа праз паўгадзіны, можа праз 15 хвілін, я чую ягоны стогн. Адчыняюць дзьверы, зноў (супрацоўнікі турмы), і я чую, як ён стогне — доўга, працягла, і потым стогн заціхае», — расказаў Дзядок.

Паводле яго, было падобна на тое, што Алеся Пушкіна вывозілі на насілках, а кіраўнік мэдчасткі прыходзіў для таго, каб санкцыянаваць магчымасьць яго вывазу за межы турмы.

«Я зразумеў, што яго зь нейкай сур’ёзнай хваробай вывезьлі, таму што звычайна проста так не вывозяць. Шмат людзей памірае на Горадзенскай крытцы праз тое, што іх ня лечаць. І ўжо празь некалькі тыдняў я даведаўся, што Алесь Пушкін памёр, як паведамлялася, ад прабадной язвы ў рэанімацыі», — сказаў Мікалай Дзядок.

«А ў той дзень, як я пачуў яго стогн і як яго выносяць з камэры, прыблізна а 12-й гадзіне ночы я прачнуўся раптам у сваёй адзіночцы. Ня ведаю, чаму прачнуўся. Але празь некалькі сэкунд я пачуў галасы, як баландзёр нешта запісвае, а кантралёр яму дыктуе: матрац — 1 адзінка, прасьціна — 1 адзінка, кубак — 1 адзінка. Я зрабіў выснову, што гэта зьбіраюць рэчы Пушкіна, каб іх здаць на склад. У той момант я падумаў, што ён на бальнічцы, Цяпер я разумею, што здавалі на склад па іншай прычыне», — расказаў былы палітвязень.

Мікалай Дзядок перакананы, што ў гібелі Алеся Пушкіна вінаваты кіраўнік мэдчасткі Горадзенскай турмы, бо не надалі своечасовай мэдычнай дапамогі. «А ў шырокім сэнсе — вінаватая сыстэма, бо ў Горадзенскай турме такая палітыка адносна ўсіх вязьняў увогуле, ня толькі палітычных», — падкрэсьліў ён.

Што папярэднічала

Беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, пэрформэр, арт-куратар, сябра Беларускага саюзу мастакоў, палітычны вязень памёр 11 ліпеня 2023 году ў Горадні.

Вядомы многімі мастацкімі пэрформансамі, скіраванымі супраць уладаў Беларусі. Яшчэ адной важнай тэмай, якую ён узьнімаў у сваёй творчасьці — ушанаваньне герояў Беларускага антысавецкага супраціву. Праз адмоўную пазыцыю рэжыму Лукашэнкі да антысавецкай збройнай барацьбы афіцыйна выставіць усю сэрыю ў дзяржаўнай установе ў Пушкіна магчымасьцяў не было.

26 сакавіка 2021 году Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Пушкіна за тое, што на выставе ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольніка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі паводле палітычнага артыкулу «рэабілітацыя нацызму».

Алесь Пушкін памёр у шпіталі ў ноч на 11 ліпеня 2023 году. Ягонае сэрца спынілася падчас апэрацыі. Пазьней стала вядома, што ў турме ў Пушкіна разьвіўся пэрытаніт. Незалежныя крыніцы ў СМІ адзначалі, што сьмерць наступіла празь неаказаньне мэдычнай дапамогі ў турме.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG