Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 ліпеня: грэка-каталіцкага сьвятара асудзілі ў «справе Гаюна»

КДБ Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
КДБ Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Улады прызналі «экстрэмістамі» яшчэ 18 чалавек

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі дапоўніла 18 прозьвішчамі пералік грамадзян Беларусі, іншаземных грамадзян і асобаш без грамадзянства, якія нібыта маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай» дзейнасьці.

Згодна з інфармацыяй праваабарончага цэнтру «Вясна», сярод новых «экстрэмістаў» — 19-гадовы Данат Дашкоўскі і 70-гадовая пэнсіянэрка Ніна Гнядзько.

Справу Даната Дашкоўскага разглядаў Берасьцейскі абласны суд. Яго асудзілі паводле ч. 3 артыкулу 361 («заклікі да санкцыяў або іншых дзеяньняў, шкодных для нацыянальнай бясьпекі»), а таксама ч. 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі («распальваньне варожасьці»). Праваабаронцы мяркуюць, што яму, імаверна, прызначылі «хатнюю хімію».

Ніну Гнядзько асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле ч. 1 артыкулу 130 (распальваньне варожасьці) і артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі). Імаверна, яе асудзілі на «хатнюю хімію».

Цяпер у сьпісе 6 772 чалавекі.

Палітзьняволенай Корсакавай у СІЗА КДБ не давалі пітную ваду

Палітзьняволеныя Тацяна і Дзьмітры Корсакавы знаходзяцца за кратамі амаль 10 месяцаў. У чэрвені 2026 году іх асудзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «здраду дзяржаве» (артыкул 356). Дзьмітрыю прысудзілі 14 гадоў калёніі, Тацяне — 12 гадоў калёніі, а іхнай дачцэ Пелагеі, якая з 2021 году жыве ва Ўкраіне, завочна прысудзілі 11 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабаронцам стала вядома, што да суду каля пяці месяцаў мужа і жонку трымалі ў СІЗА КДБ, дзе на Тацяну чынілі псыхалягічны ціск: яе пазбаўлялі доступу да лекаў, зьмяшчалі ў «мяккі пакой» і прымушалі стаяць па 12 гадзін за чырвонай лініяй. Таксама ёй не давалі вады, а пакідалі толькі міску зь перасмажанай рыбай.

У палітзьняволенай Тацяны Колас выявілі анкалёгію

Палітзьняволеную Тацяну Колас трымаюць у зьняволеньні больш за чатыры гады. У кастрычніку 2022 году былую супрацоўніцу Менскага гарвыканкаму асудзілі ў «справе ЧКБ» на 6,5 году калёніі. Яе прызналі вінаватай паводле чатырох крымінальных артыкулаў. У зьняволеньні ў жанчыны сур’ёзна пагоршылася здароўе.

Паводле інфармацыі «Вясны», у Тацяны знайшлі анкалягічнае захворваньне. Для далейшага абсьледаваньня і лекаваньня жанчыну мусяць перавесьці ў лякарню, але зрабіць гэта плянуюць толькі празь некалькі месяцаў.

У траўні Тацяне Колас споўнілася 45 гадоў. Жанчыну ўтрымліваюць у жаночай калёніі №4 у Гомлі. Акрамя анкалёгіі Тацяна пакутуе ад моцнага болю ў сьпіне, зьвязанага з перанесеным раней кампрэсійным пераломам хрыбетніка.

«Чорная кніга Беларусі» (ЧКБ) – апазыцыйны Telegram-праект, які быў створаны ў 2020 годзе для збору і публікацыі зьвестак сілавікоў, чыноўнікаў ды іншых асоб, якія маюць дачыненьне да фальсыфікацый выбараў і палітычных рэпрэсій. Паводле «Вясны» па «справе ЧКБ» на чэрвень у Беларусі было асуджана больш за 30 чалавек.

Грэка-каталіцкага сьвятара асудзілі ў «справе Гаюна»

43-гадовы ўніяцкі сьвятар з Івацэвічаў Віталь Быстроў асуджаны да «хатняй хіміі», даведалася «Наша ніва».

Сьвятар родам з Камянца. Скончыў факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ.

Пасьля Быстроў паступіў у грэка-каталіцкую сэмінарыю і шмат гадоў служыў у парафіі ў Івацэвічах. Летась парафію пазбавілі рэгістрацыі, як і шмат іншых грэка-каталіцкіх у краіне, а неўзабаве Быстрова затрымалі і пасадзілі ў СІЗА.

Берасьцейскі абласны суд судзіў яго за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). Перасьлед зьвязаны са «справай Гаюна». Сьвятару прысудзілі «хатнюю хімію». Яшчэ да прысуду айца Віталя ўнесьліў «сьпіс экстрэмістаў».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG