Выданьні спасылаюцца на прэзэнтацыі, прадэманстраваныя восеньню 2023 году на Трэцім кітайска-расейскім форуме ў вайскова-тэхнічнай супрацы ў Гуанчжоу, і на двухбаковы працоўны пратакол, падпісаны па выніках перамоваў у Маскве ў чэрвені 2023 году.
Згодна з гэтымі дакумэнтамі, Расея і Кітай абмяркоўвалі супрацу ў галіне касьмічных узбраеньняў, зьнішчэньня спадарожнікаў, супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, вайсковай тэхнікі, авіяцыі і забесьпячэньня войскаў.
Змагацца супраць тэхналёгіі Starlink, у прыватнасьці, прапаноўвалі кібэратакамі праз тэрміналы цывільных карыстачоў, а таксама празь фізычнае зьнішчэньне спадарожнікаў з дапамогай недарагіх кітайскіх перахопнікаў. Акрамя таго, кітайскі бок выступаў за стварэньне «тэхнічнага альянсу супраць Starlink», куды будуць запрошаныя іншыя «зацікаўленыя» краіны.
Падпісаны ў Маскве пратакол, як адзначае The Insider, дэманструе дамоўленасьці паміж Расеяй і КНР пачаць распрацоўку малавышыннай сыстэмы супрацьпаветранай абароны і супрацьракетнага ўзбраеньня, якая павінна перахапляць амэрыканскія гіпэргукавыя ракеты, балістычныя ракеты і манэўраныя баявыя блёкі. Таксама бакі пагадзіліся пачаць праектаваньне «пэрспэктыўных сыстэм СПА/СРА».
Акрамя гэтага, у 2023 годзе гэтыя дзьве дзяржавы абмяркоўвалі магчымасьць абмену расейскага баявога досьведу на кітайскія тэхналёгіі ШІ і рэсурсы масавай вытворчасьці для супольнай распрацоўкі новага пакаленьня аўтаномных «роевых» боепрыпасаў.
Вынікам гэтых дамоўленасьцяў стаў, напрыклад, аўтаномны бесьпілётнік V2U, які расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць на вайне ва Ўкраіне. Многія яго складнікі — кітайскія, у тым ліку модуль штучнага інтэлекту.
8 ліпеня Reuters пісала, што расейскія войскі спрабуюць парушыць працу Starlink з дапамогай магутных сыстэмаў радыёэлектроннай барацьбы. Такім спосабам расейцы спрабуюць адхіліць украінскія дронавыя ўдары па сваіх НПЗ і караблях.
Чаму гэта важна?
Кітай адкрыта не падтрымаў расейскага нападу на Ўкраіну, але й не асудзіў яго. Паміж Пэкінам і Масквою пэрыядычна адбываюцца афіцыйныя перамовы, на якіх абмяркоўваецца й вайсковая супраца. Для журналістаў падрабязнасьці перамоваў раскрываюць не заўсёды.
Раней экспэрт Дэйвід Шульман, старшы дырэктар дасьледчага цэнтру Global China Hub у Атлянтычнай радзе ЗША, адзначаў, што хоць Расея відавочна аслабла, яна па-ранейшаму мае найбольшую колькасьць ядзернай зброі сярод усіх краін, яна па-ранейшаму ў Радзе бясьпекі ААН, яна багатая на энэрганосьбіты і сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама яна мае 4 тысячы кілямэтраў мяжы з Кітаем. Усё гэта робіць Расею адзіным ключавым партнэрам, які можа дапамагчы Кітаю супрацьстаяць Злучаным Штатам, адцягнуць увагу ЗША, ускладніць ім ваеннае плянаваньне, а таксама зьменшыць уразьлівасьці Кітаю адносна заходняга ціску.
Беларускае і кітайскае міністэрствы абароны шчыльна супрацоўнічаюць. Дзяржавы вялі перамовы, сярод іншага, у сфэры тылавога забесьпячэньня ўзброеных сіл дзьвюх краін. Таксама кітайскія вайскоўцы бралі ўдзел у манэўрах на Берасьцейшчыне, каля польскай мяжы, разам з вайскоўцамі Беларусі і Расеі. Тыя вучэньні называліся «Арол, які атакуе».
Раней было вядома, што Пэкін занепакоены пашырэньнем ролі NATO ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, і без таго кепскія адносіны працягваюць пагаршацца. На Захадзе часта абмяркоўваюць пляны Кітаю на Тайвань і яўна агрэсіўныя вучэньні кітайскага войска каля вострава.
Форум