Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 155 гадоў з дня нараджэньня этнографа Паўла Дземідовіча

Павал Дземідовіч
Павал Дземідовіч

Падзеі 10 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 ліпеня 1871 году ў Мікалаеўшчыне на Стаўпеччыне нарадзіўся Павал Дземідовіч, беларускі этнограф і фальклярыст.

Працаваў у галіне вывучэньня сямейнага быту, вераваньняў і абрадаў беларусаў, запісваў народныя гутаркі. Значная праца Паўла Дземідовіча — дасьледаваньне народных павер’яў аб нячыстай сіле і аповедаў пра цуды зь мясцовага фальклёру. Частку сваіх дасьледаваньняў Дземідовіч перадаў Мітрафану Доўнару-Запольскаму.

Паўла Дземідовіча некалькі разоў арыштоўвалі чэкісты, што моцна паўплывала на ягонае здароўе. Ён сябраваў з Антонам Лёсікам, Якубам Коласам, Янкам Купалам, іншымі вядомымі беларусамі таго часу. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.

У гэты дзень

1919 — у Горадні польскія ўлады забаранілі газэту «Родны край», а рэдактара Тамаша Грыба арыштавалі.

1941 — пачалася Смаленская абарончая апэрацыя. Упершыню ў Другой усясьветнай вайне нямецкія войскі перайшлі ад наступу да абароны.

1972 — у Вязынцы Маладачанскага раёну адкрыўся Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік.

1991 — адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына.

1992 — Беларусь стала чальцом Міжнароднага валютнага фонду.

1994 — першым прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у другім туры абралі Аляксандра Лукашэнку.

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, 1994
Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, 1994

Для абсалютнай большасьці палітызаванага грамадзтва вынік прэзыдэнцкіх выбараў быў нечаканы, бо на пачатку кампаніі ў Лукашэнкі не было падтрымкі ні дзяржаўнага апарату, ні партыйных структураў, ні буйнога бізнэсу.

У ходзе выбарчай кампаніі Лукашэнка некалькі разоў парушаў заканадаўства. Кожны з гэтых выпадкаў мог стаць падставай для расьсьледаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіяй паводзінаў кандыдата ў прэзыдэнты. Аднак ня стаў.

2000 — у Менску, на мэмарыяле «Яма», адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця помніка-мэмарыялу ахвярам Галакосту.

Мэмарыял ахвярам Галакосту ў «Яме» ў Менску, сакавік 2019 году
Мэмарыял ахвярам Галакосту ў «Яме» ў Менску, сакавік 2019 году

2007 — Ватыкан выступіў з заявай, у якой Каталіцкая царква названая адзіным нашчадкам першапачатковай царквы, заснаванай Ісусам Хрыстом.

2023 — з горадзенскай турмы мастака Алеся Пушкіна пры сьмерці прывезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні.

У гэты дзень нарадзіліся

1509 — Жан Кальвін, францускі рэлігійны рэфарматар.

1781 — Антон Марціноўскі, беларускі выдавец і публіцыст. Нарадзіўся ў Радашкавічах.

1857 — у Віцебску нарадзіўся Анатоль Бонч-Асмалоўскі, грамадзка-палітычны дзяяч, рэвалюцыянэр-народнік, мэмуарыст.

1871 — Марсэль Пруст, францускі пісьменьнік, аўтар вядомага цыклю раманаў «У пошуках страчанага часу».

1891 — Павал Валошын, палітык, беларускі пасол польскага Сэйму, ахвяра сталінізму.

1900 — у вёсцы Стаўрова на Браслаўшчыне нарадзіўся Пётра Сергіевіч, беларускі жывапісец і графік, мастак-манумэнталіст. Актыўны прыхільнік беларускага адраджэньня. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Аўтар шэрагу знакавых для беларускай нацыі карцінаў, у тым ліку партрэта мовазнаўцы Яна Станкевіча, карцінаў з выявамі Янкі Купалы, Кастуся Каліноўскага і іншых выбітных беларускіх дзеячаў.

1913 — Нiна Вайтовiч, беларуская мовазнаўца.

1942 — Пятро Клімук, беларускі савецкі касманаўт.

1963 — Сяргей Булыгiн, біятланіст, алімпійскі чэмпіён (1984, Сараева).

У памяці

2018 — памёр Мікалай Дземянцей, старшыня Вярхоўнага Савету БССР у 1990-91 гг.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG