Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 165 гадоў таму нарадзілася мэцэнатка Магдалена Радзівіл

Марыя Магдалена Радзівіл.
Марыя Магдалена Радзівіл.

Падзеі 8 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

8 ліпеня 1861 году, 165 гадоў таму, нарадзілася Марыя Магдалена Радзівіл (у дзявоцтве Завіша), мэцэнатка, дзяячка нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя. Яна фінансавала беларускія выдавецтвы і пэрыёдыку, падтрымлівала выданьне кніг беларускіх аўтараў, адкрывала беларускія школы.

Таксама ў гэты дзень

51 да н.э. — сымбалічны дзень заснаваньня Парыжу, у 1951 годзе сталіца Францыі сьвяткавала сваё 2000-годзьдзе. Гістарычна ж горад упершыню апісаў Юлі Цэзар пад 52 годам да нашай эры, апавядаючы пра бітву падчас Гальскай вайны.

1709 — Палтаўская бітва, перамога войскаў расейскага цара Пятра І над арміяй швэдзкага караля Карла ХІІ.

1796 — дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выдаў першы пашпарт грамадзяніна ЗША.

1910 — асобнай кнігай у Санкт-Пецярбургу выходзіць паэма Янкі Купалы «Адвечная песьня».

Васіль Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы Янкі Купалы «Адвечная песьня», 1980 год.
Васіль Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы Янкі Купалы «Адвечная песьня», 1980 год.

1959 — у Маладэчне на базе Маладэчанскага абласнога краязнаўчага музэю заснаваны Менскі абласны краязнаўчы музэй

1969 — пачаўся вывад амэрыканскіх войскаў з Паўднёвага Віетнаму (завяршыўся праз тры з паловай гады).

1993 — у Менску пачаўся Першы зьезд беларусаў сьвету, які сабраў каля тысячы дэлегатаў зь дзясяткаў краінаў.

Першы зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
Першы зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

2008 — тэлеканал «Белсат» пачаў вяшчаньне са спадарожніка Sirius.

2021 — ператрус у рэдакцыі „Нашай Нівы“, арыштаваныя супрацоўнікі Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Андрэй Дынько. Марціновіч і Скурко правядуць у турме 2,5 гады і выйдуць на волю. Дынько правёў на Акрэсьціна 13 сутак.

У гэты дзень нарадзіліся

1621 — Жан дэ Ляфантэн, францускі паэт, байкапісец.

1861 — Магдалена Радзівіл, беларуская мецэнатка.

1838 — Фэрдынанд Цэпэлін, нямецкі авіяканструктар, стваральнік дырыжабля.

Фэрдынанд Цэпэлін
Фэрдынанд Цэпэлін

1894 — Пётр Капіца, расейскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1839 — Джон Ракфэлер, амэрыканскі прамысловец, які заснаваў нафтавую кампанію «Стандард ойл», адзін з найбагацейшых людзей у сучаснай гісторыі — у пераліку на сёньняшні курс багацьце Ракфэлера ацэньваецца больш як у $300 мільярдаў.

1929 — Канстанцін Ціхановіч, беларускі графік.

1949 — Уладзіслаў Завальнюк, беларускі рэлігійны і культурны дзея, рыма-каталіцкі сьвятар, тэоляг, шматгадовы пробашч касьцёла сьвятых Сымона і Алены ў Менску.

1972 — Вольга Караткевіч, беларуская літаратарка, журналістка.

У памяці

1796 — Адам Нарушэвіч, беларускі паэт і гісторык.

1863 — Адам Пуслоўскі, студэнт, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., ахвяра расправы расейскіх калянізатараў.

1889 — Флярыян Мiладоўскi, беларускі кампазытар і піяніст.

1932 — Аляксандар Грын, расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG