Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 230 гадоў Яну Чачоту

Барэльеф Яна Чачота
Барэльеф Яна Чачота

Падзеі 7 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

7 ліпеня 1796 году ў Малюшычах Наваградзкага павету нарадзіўся беларускі паэт, фальклярыст, перакладнік, этнограф Ян Чачот. У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзьвіны» ў 1846 годзе ён зрабіў нарыс граматычных асаблівасьцяў беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытаньне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу. Ужываў адметныя беларускія словы роднай Наваградчыны нават у польскай мове, што адзначаюць сёньня мовазнаўцы.

Ян Чачот. «Вясковыя песьні з-над Нёмна і Дзьвіны», вокладка кнігі
Ян Чачот. «Вясковыя песьні з-над Нёмна і Дзьвіны», вокладка кнігі

Запісаў мноства беларускіх песень, уваходзіў у таварыства філяматаў. За ўдзел у ім быў высланы расейскімі ўладамі ў Арэнбург.

Пахаваны ў Друскеніках, у Новай Мышы на Баранавіччыне стаіць бюст Чачота, а ў Карэлічах – помнік.


Таксама ў гэты дзень

1548 — у Кракаве ў Вавэльскай катэдры адбылося пахаваньне караля і вялікага князя Жыгімонта І Старога.

1846 — ЗША абвясьцілі пра анэксію Каліфорніі, якая тады была часткаю Мэксыкі.

1898 — Прэзыдэнт ЗША падпісаў рэзалюцыю пра анэксію Гаваяў, прынятую напярэдадні абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША.

1930 — выйшаў апошні нумар віленскай беларускай газэты «Сялянская Ніва».

1937 — напад японскіх войскаў на кітайскі гарнізон на мосьце Лугоўцяо (мосьце Марка Пола) недалёка ад Пэкіну. Інцыдэнт лічыцца пачаткам Другой усясьветнай вайны ў Азіі.

1944 — пачалася апэрацыя «Вострая Брама»: аддзелы Арміі Краёвай прынялі ўдзел ў баях за Вільню разам з Чырвонай Арміяй. Пазьней польскія аддзелы былі абяззброеныя і арыштаваныя аддзеламі НКУС.

2000 — выкрадзены і зьнік Зьміцер Завадзкі, журналіст і тэлеапэратар.

Зьміцер Завадзкі.
Зьміцер Завадзкі.

2005 — 4 тэрарысты-самагубцы зрабілі сэрыю нападаў у лёнданскім мэтро і аўтобусах, загінулі 52 чалавекі.

У гэты дзень нарадзіліся

1797 — Шаміль, імам, лідэр змаганьня народаў Каўказу з расейскім уладараньнем.

Імам Шаміль на кані, карціна Мікалая Сьвярчкова
Імам Шаміль на кані, карціна Мікалая Сьвярчкова

1860 ― Густаў Малер, аўстрыйскі дырыгент і кампазытар.

1882 — нарадзіўся Іван Луцэвіч (Янка Купала), клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выдатны дзяяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

1884 — Ліён Фэйхтвангер, нямецкі пісьменьнік.

1893 ― Міраслаў Крлэжа, адзін з найбуйнейшых харвацкіх пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя.

1894 — Антон Борык, беларускі палітычны і вайсковы дзяяч, дыплямат Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

1940 — Рынга Стар, брытанскі музыка, бубнач гурту The Beatles.

1961 ― Вінцук Вячорка, беларускі навуковец і палітык, адзін з заснавальнікаў моладзевага нацыянальнага руху на пачатку 1980-х гадоў, лідэр Партыі БНФ з 1999 па 2007 год.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

У памяці

1572 — Жыгімонт Аўгуст, вялікі князь літоўскі, кароль польскі.

Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл, карціна Яна Матэйкі
Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл, карціна Яна Матэйкі

1633 ― Леў Сапега, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. У Лепелі, Слоніме і Астроўне Сапегу пастаўленыя помнікі.

  • «Для прыстойнага чалавека няма большай асалоды, як жыць у сваёй айчыне ў поўнай бясьпецы, ні з кім ня біцца і не сварыцца і каб ніхто яго не зьняславіў ці пакалечыў або паквапіўся на яго дабро».
  • «Мы павінны быць рабамі законаў для таго, каб мець магчымасьць карыстацца свабодай».

1892 ― Ян Чэрскі, удзельнік паўстаньня 1863, беларускі геоляг і дасьледчык Сібіру, яго імем названая горная сыстэма на паўночным усходзе Сібіру (хрыбет Чэрскага).

1930 ― Артур Конан Дойл, брытанскі пісьменьнік.

Артур Конан Дойл
Артур Конан Дойл

1942 — Яўген Ляцкi, этнограф, фальклярыст, гісторык літаратуры.

1955 — Іван Макей, народны казачнік.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG