Як паведаміла выданьне «Астравецкая праўда», Астравецкі раённы аддзел унутраных спраў ачоліў Юры Скок. Да гэтага прызначэньня ён працаваў на пасадзе начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі, намесьнікам начальніка Горадзенскага РАЎС.
Ягонага папярэдніка Андрэя Ярохіна яшчэ ў траўні 2026 году перавялі з Астраўца ў Ліду на аналягічную пасаду — начальнікам Лідзкага РАЎС, паведаміла мясцовае выданьне «Бізнэс-Ліда».
У канцы чэрвеня новым начальнікам Вілейскага РАЎС стаў Руслан Манькоўскі. Адметна, што ягоны папярэднік — Ігар Кадушкін — адпрацаваў на гэтай пасадзе ўсяго тры месяцы. Кадушкін да працы ў Вілейцы ён ачольваў аддзел наглядна-выканаўчай інспэкцыі УЎС Менскага аблвыканкаму. У адкрытых крыніцах аб новых прызначэньнях у сыстэме ўнутраных спраў ягонае імя не згадваецца.
У сярэдзіне чэрвеня прадставілі новага начальніка Валожынскага РАЎС — ім стаў Аляксандар Кісель. Да гэтага прызначэньня (зь лістапада 2025 году) ён ачольваў міліцыю грамадзкай бясьпекі УЎС Берасьцейскага аблвыканкаму. Папярэднік Кісяля — Сяргей Аляшкевіч — цяпер ачольвае Менскае РУЎС.
Аляксандар Семяновіч у лютым 2026-га стаў начальнікам Слуцкага РАЎС. Да гэтага прызначэньня ён працаваў першым намесьнікам Менскага РАЎС. Яго папярэднік Андрэй Заяц сышоў на пэнсію.
Сёлета ў красавіку Дзьмітры Фомчанкаў ачоліў Кастрычніцкае РУЎС Горадні. Да новай пасады ён тры гады ачольваў Лідзкі РАЎС.
У лютым 2026-га новым начальнікам Салігорскага РАЎС стаў Яўген Жылінскі. Да гэтага ён ачольваў Дзяржынскі РАЎС.
Яго папярэдніка — Аляксандра Шаравара — у пачатку лютага перавялі ў кіраўніцтва крымінальнай міліцыі УЎС Менскага аблвыканкаму.
Чаму гэта важна
У Беларусі сыстэма ўнутраных спраў ператварылася на рэпрэсіўны орган. Структуры МУС, абласных і раённых упраўленьняў і аддзелаў супольна з КДБ і падразьдзеламі спэцыяльнага прызначэньня ажыцьцяўляюць палітычны перасьлед апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі рэпрэсіі сталі больш жорсткімі. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Форум