Дакумэнт дае ўраду права вызначаць краіны, «чыё валоданьне нерухомасьцю можа пагражаць бясьпецы або грамадзкаму парадку Эстоніі», заўважыў «Позірк».
«Першапачаткова ў гэты сьпіс плянуецца ўключыць Расею і Беларусь. Забарона закране грамадзян гэтых краін, якія ня маюць дазволу доўгачасовага жыхара або пастаяннага права на пражываньне ў Эстоніі. Таксама абмежаваньне распаўсюдзіцца на кампаніі, зарэгістраваныя ў Расеі ці Беларусі, і на юрыдычныя асобы незалежна ад краіны іх рэгістрацыі, калі іх фактычны бэнэфіцыяр трапляе пад дзеяньне абмежаваньняў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Абмежаваньні мяркуецца распаўсюдзіць на набыцьцё кватэр, права забудовы і долевую ўласнасьць на нерухомасьць. Раней набытай маёмасьці, арэнды або найму нерухомасьці яны не закрануць.
Акрамя таго, «у абгрунтаваных выключных выпадках» урад можа выдаць дазвол на набыцьцё нерухомасьці, калі зьдзелка «не наносіць шкоды мэтам абмежаваньня».
Цяпер законапраект мае разгледзець парлямэнт і, у выпадку галасаваньня большасьці дэпутатаў Рыігікогу «за», падпісаць прэзыдэнт Эстоніі. Калі дакумэнт пасьпяхова пройдзе гэтыя этапы, яго палажэньні набудуць моц 1 студзеня 2027 году.
Папярэднія абмежаваньні для грамадзянаў Беларусі ў Эстоніі
Афіцыйны Талін пачаў уводзіць разнастайныя абмежаваньні супраць грамадзянаў Беларусі за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў нападзе Расеі на Ўкраіну. Эстонія падтрымлівае Кіеў у вайне і нярэдка заклікае партнэраў па Эўразьвязе і NATO да больш рашучых крокаў супраць расейскай імпэрскай палітыкі.
Ідэю забараніць куплю нерухомасьці беларусам і расейцам, якія ня маюць сталай легалізацыі ў Эстоніі, вылучыла Міністэрства ўнутраных спраў краіны. Кіраўнік ведамства Ігар Тара яшчэ ў студзені адзначаў, што існыя абмежаваньні на куплю нерухомасьці ў памежных раёнах і на невялікіх астравах не забясьпечваюць дастатковай абароны. На ягоную думку, Эстонія павінна перайсьці ад частковых абмежаваньняў да поўнай забароны, прыняўшы за ўзор некалькі суседніх краін Эўразьвязу і NATO, у тым ліку Фінляндыю, Нарвэгію, Швэцыю, Літву і Латвію.
У той жа час прапанаваныя захады не закрануць беларускіх грамадзян, якія ўжо маюць дазволы на пастаяннае пражываньне ў Эстоніі. Яны па-ранейшаму будуць мець права купляць, прадаваць, атрымліваць у спадчыну і дарыць нерухомасьць.
У сакавіку 2025 году парлямэнт Эстоніі зьмяніў Канстытуцыю дзяржавы і пазбавіў права голасу грамадзян трэціх краін, у тым ліку Беларусі, на муніцыпальных выбарах у Эстоніі. За зьмену Канстытуцыі ў паскораным парадку прагаласавалі 92 дэпутаты, супраць былі 7 дэпутатаў.
Яшчэ ў сакавіку 2023 году грамадзянаў Беларусі бяз сталага дазволу на пражываньне ў Эстоніі пазбавілі права на куплю зброі ў краіне.
Акрамя таго, раней Эстонія з прычыны паніжэньня дыпляматычнай прысутнасьці ў Менску і меркаваньняў бясьпекі абмежавала выдачу візаў беларусам.
Гібрыдныя атакі на Эстонію
Эстонскі ўрад прыдзяляе пільную ўвагу выпадкам гібрыдных атак і правакацый з боку расейскіх спэцслужбаў, у якія могуць быць залучаныя і грамадзяне Беларусі.
За чатыры гады поўнамаштабнай вайны з Украінай Крэмль зарганізаваў ня менш за 151 гібрыдную атаку на тэрыторыі Эўропы, гаварылся ў аналізе Міжнароднага цэнтру барацьбы з тэрарызмам (ICCT) і праекту Globsec у лютым 2026 году. 11 зь іх расейскія спэцслужбы ўчынілі ў Эстоніі.
Форум