Пракуратура хадайнічала аб узяцьці жанчыны пад варту, бо ёсьць небясьпека, што яна можа ўхіліцца ад сьледзтва ці працягнуць зьдзяйсьняць злачынствы на волі. Суд арыштаваў яе на час папярэдняга сьледзтва на тэрмін да двух месяцаў, піша Postimees.
Сабраныя ў час крымінальнага вядзеньня папярэдняя інфармацыя і доказы паказваюць на тое, што падазраваная цягам некалькіх гадоў дзейнічала разам са сваім дзелавым партнэрам, выкарыстоўваючы розныя кампаніі для пастаўкі аўтамабіляў клясы «люкс» праз Эўрапейскі зьвяз у Расею і Беларусь. Паводле першапачатковага падазрэньня, яны ўвезьлі ў абедзьве краіны падсанкцыйныя тавары на агульную суму 25 мільёнаў эўра — ня менш за 209 аўтамабіляў.
Затрыманая падазраваная, яе саўдзельнік і падкантрольныя ім кампаніі дзейнічалі супольна і ўзгоднена пры арганізацыі экспарту аўтамабіляў у дзьве краіны, супраць якіх дзейнічаюць абмежаваньні.
«Гэта была маштабная і прадуманая схема, мэтай якой было атрыманьне прыбытку і ўхіленьне ад уведзеных санкцыяў. Так, адна з падазраваных закупляла аўтамабілі ў краінах ЭЗ на імя кампаній і адказвала за пошук пакупнікоў і зносіны зь імі ў краінах прызначэньня. Іншы ж арганізоўваў лягістыку такім чынам, каб аўтамабілі, нягледзячы на дзейную забарону на экспарт, даходзілі да партнэраў у Расеі і Беларусі», — патлумачыла дзяржаўная пракурорка Энэлі Лаўрытс.
Па словах кіраўніка Пых’яскай службы сьледчага аддзелу Падаткова-мытнага дэпартамэнту Яанікі Мяндла, гаворка ідзе аб маштабным расьсьледаваньні, аб чым сьведчаць як колькасьць аўтамабіляў, так і агульны кошт зьдзелак.
«Расьсьледаваньне было вельмі шматгранным і запатрабавала шчыльнай міжнароднай супрацы. Парушэньні міжнародных санкцый знаходзяцца пад пільнай увагай Падаткова-мытнага дэпартамэнту, і папярэджаньне, выяўленьне, расьсьледаваньне і спыненьне кожнага парушэньня дапамагае забясьпечыць, каб міжнародныя санкцыі працавалі і аказвалі рэальнае ўзьдзеяньне», — падкрэсьліла Мяндла.
Затрыманая раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці. У расьсьледаваньні фігуруюць дзьве кампаніі.
Форум